Пошук

19.04.2024 13:22   Паводле: CNA / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Annuario Pontificio за 2024 год. Фота: acistampa.com

У выданні Annuario Pontificio — Папскага штогодніка за 2024 год, які быў апублікаваны на пачатку красавіка, Папу Францішку быў вернуты старажытны ганаровы Папскі тытул «Патрыярх Захаду», ад якога ў 2006 годзе адмовіўся Папа Бэнэдыкт XVI.

Як адзначае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва CNA, гэтае ганаровае найменне зноў з’явілася ў спісе «гістарычных тытулаў», якія выкарыстоўваюцца для акрэслення тэалагічнай і часовай сутнасці Папскага служэння. Сярод іх Намеснік Езуса Хрыста, Наступнік Князя Апосталаў, Найвышэйшы Пантыфік Паўсюднага Касцёла і Арцыбіскуп Мітрапаліт Рымскай правінцыі.

Пасля рашэння Папы Бэнэдыкта XVI адмовіцца ад тытула «Патрыярх Захаду», прынятага ў 2006 годзе, Дыкастэрыя спрыяння хрысціянскаму адзінству (тады Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству) выступіла з заявай, у якой адзначаласяа, што ён стаў «састарэлым» і «больш непрыдатным».

Дыкастэрыя сцвярджала, што культурнае і геаграфічнае разуменне Захаду пашырылася з Заходняй Еўропы на Паўночную Амерыку, Аўстралію і Новую Зеландыю.

«Адмова ад гэтага тытула мае на мэце выказаць гістарычны і тэалагічны рэалізм і ў той жа час быць адмовай ад прэтэнзій; адмовай, што зможа прынесці карысць экуменічнаму дыялогу», — заявіла тады дыкастэрыя.

Тытул «Патрыярх Захаду» быў прыняты ў 642 годзе Папам Тэадорам і выкарыстоўваўся на працягу стагоддзяў, хоць толькі ў 1863 годзе, падчас пантыфікату Папы Пія IX, гэты тытул упершыню з’явіўся ў Annuario Pontificio.

Арыстаменіс Пападымітрыю, гісторык рэлігіі з Фордхэмскага ўніверсітэта, які спецыялізуецца на сучасным хрысціянстве, паведаміў CNA па электроннай пошце, што любая спроба растлумачыць гэтае рашэнне можа быць «пераважна спекулятыўнай» і «не грунтавацца на сур’ёзным разуменні касцёльнай адміністрацыі».

Але Пападымітрыю адзначыў, што «ў цэнтры гэтага знаходзіцца пытанне аб гістарычным і сучасным значэнні біскупскага ганаровага наймення „патрыярх“ і развіцця гэтага тэрміна сярод перыпетый гісторыі».

Ні дыкастэрыя, ані прэс-служба Святога Пасаду не апублікавалі заявы, у якой тлумачылі б рашэнне Папы Францішка вярнуць тытул, ад якога адмовіўся яго папярэднік.

Ужо не ўпершыню Папа Францішак уносіць змены ў папскія тытулы ў Annuario Pontificio — больш чым 2400-старонкавым афіцыйным даведніку паўсюднага кіраўніцтва і структуры Каталіцкага Касцёла.

Ганаровыя тытулы раней публікаваліся над кароткай папскай біяграфіяй кожнага новага тома, але з 2020 года яны пералічваюцца ўжо пад гэтай біяграфіяй меншым шрыфтам і пазначаны як «Гістарычныя найменні».

Па словах Матэо Бруні, кіраўніка Прэс-службы Святога Пасаду, рашэнне 2020 года мела на мэце «ўказаць сувязь з гісторыяй Папы», а не «гістарызаваць» самі тытулы.

У тым жа годзе кардынал Герхард Мюллер, былы Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, раскрытыкаваў гэты крок, назваўшы яго актам «тэалагічнага варварства».

Іерарх сцвярджаў, што ў перагледжаным штогодніку тэрмін «намеснік Хрыста» змяшаныя з акрэсленнямі, якія «не маюць нічога агульнага з першынствам і ўзніклі толькі гістарычна, але [не маюць] ніякага дагматычнага значэння, напрыклад, „суверэн дзяржавы-горада Ватыкан“».

Нікас Цойціс, аналітык прэс-службы Канстантынопальскага Патрыярхату і былы прэс-сакратар Экуменічнага Патрыярха Барталамея I, сцвердзіў у артыкуле ад 6 красавіка, што рашэнне Папы аднавіць ганаровы тытул званне Патрыярха Захаду «з’яўляецца часткай паўторнага адкрыцця братэрства».

«Такім чынам ён хоча падкрэсліць важнасць страчанай сінадальнасці ў Касцёле Пана, які ўяўляе сабой Яго Цела і мае сінадальнасць як інструмент», — напісаў Цойціс.

Папа Францішак лічыць экуменічны дыялог адным з галоўных прыярытэтаў свайго пантыфікату.

У 2014 годзе падчас апостальскага візіту на Святую Зямлю Папа Францішак сустрэўся з Патрыярхам Барталамеем І з нагоды 50-годдзя гістарычнай сустрэчы Папы Паўла VI і Канстанцінопальскага Патрыярха Афінагора І на Аліўнай гары ў Ерузалеме ў 1964 годзе.

Гэта была першая афіцыйная сустрэча Папы і Экуменічнага Патрыярха з 1438 года, якая азнаменавала змену парадыгмы ў экумэнічных адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

«Мы павінны верыць, што як камень ад магілы быў адкінуты, так і ўсе перашкоды для нашых поўных зносін будуць ліквідаваны», — сказаў Папа Францішак падчас свайго звароту да Экуменічнага Патрыярха ў 2014 годзе.

Абноўлена 19.04.2024 15:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця