Пошук

18.04.2024 09:47   Catholic.by
Фота: «L’Osservatore Romano»

17 красавіка ў Італіі выйшла ў свет кніга святара з Трэвіза Лучыё Банора «Прысвячэнне Пію Х. Сучасныя партрэты» (выдавецтва Edizioni Kappadue, 2023), прадмову да якой напісаў Папа Францішак.

У сваёй працы аўтар, супрацоўнік Дзяржсакратарыяту Святога Пасаду, сабраў 80 партрэтаў святога Пія Х, які кіраваў Касцёлам у 1903–1914 гадах.

Прадмова да кнігі была асобна апублікавана ў ватыканскім штодзённіку «L’Osservatore Romano». У ёй Святы Айцец зазначыў, што адчувае блізкую сувязь са сваім папярэднікам святым Піем Х у справе абароны міру. Разам з тым Папа Францішак зазначыў, што Пій Х «не заключаны ў мінулых часах гісторыі і не прыўлашчаны пэўнымі групамі, а належыць сённяшняму Касцёлу, людзям Касцёла». На думку Святога Айца, ён быў «Папам для ўсіх».

Папа Францішак нагадаў, што Пій Х плакаў з-за Першай сусветнай вайны, якая выбухнула з апошні год яго пантыфікату.

«Ён упрошваў магутных свету скласці зброю. Я адчуваю сябе вельмі блізкім да яго ў гэты трагічны час у свеце», — напісаў Святы Айцец.

«Я заўсёды шанаваў Пія Х з многіх прычын», — прызнаўся Папа Францішак. Асабліва за тое, што ён так шмат увагі надаваў катэхезе і сакрамэнту Эўхарыстыі.

«Пій патлумачыў усяму Касцёлу, што без Эўхарыстыі і без прыняцця аб’яўленых праўдаў асабістае вера слабне і памірае», — напісаў Пантыфік і нагадаў пры гэтым, што Пій Х заснаваў Папскі Біблійны інстытут.

Папа Францішак звярнуў увагу на тое, што перэгрынацыя рэліквій яго святога папярэдніка, кананізаванага ў 1954 годзе, у дыяцэзіях Трэвіза, Падуі і Венецыі на поўначы Італіі, якая адбывалася летась, паказала, «што Пій Х не заключаны ў мінулых часах гісторыі і не прыўлашчаны пэўнымі групамі, а належыць сённяшняму Касцёлу, людзям Касцёла, гэта значыць ахрышчаным любога ўзросту, якія хочуць быць вернымі Евангеллю і сваім пастырам і якія ўспрымаюць святых як сапраўдныя ўзоры жыцця і сваіх шчырых сяброў у дарозе за Езусам і Евангеллем, чэрпаючы з прыкладаў і выбараў іх жыцця.

Няхай жыве святы Пій Х і няхай жыве глыбока ў сэрцы сённяшняга Касцёла!» — сцвердзіў Папа Францішак.

Пій Х (Джузэпэ Мэльхіёрэ Сарта) паходзіў з італьянскай правінцыі Трэвіза. Падчас свайго пантыфікату ён здзейсніў рэформу літургіі і пашыраў культ Эўхарыстыі, даўшы магчымасць дзецям раней прыступаць да Камуніі, а таксама заахвочваў усіх вернікаў часцей прымаць гэты сакрамэнт. Ён асудзіў мадэрнізм як ерась і стараўся абараняць Касцёл ад яго ўплыву. Сярод шматлікіх кананізацый, здзейсненых Піем Х, былі кананізацыі Бэрнадэты Субіру і Тэрэзы з Лізьё.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа