Пошук

22.08.2024 11:44   Vatican News BY
Папа Францішак і святы Пій Х. Фотакалаж

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папы Францішка, якая 21 жніўня прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Святы Айцец падкрэсліў, што катэхеты робяць вялікую справу.

«Сёння, ва ўспамін святога Пія Х, у многіх частках свету адзначаецца Дзень катэхета.

Давайце падумаем пра нашых катэхетаў і катэхетак, якія робяць вялікую справу, а ў некаторых частках свету з’яўляюцца першымі, хто нясе веру. Давайце памолімся сёння за катэхетаў, каб Пан зрабіў іх адважнымі і яны маглі ісці наперад», — сказаў Папа Францішак, словы якога падае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Вітаючы нямецкамоўных пілігрымаў, Пантыфік заўважыў, што святы Пій Х прагнуў вярнуць Езуса Хрыста ў цэнтр увагі ўсіх вернікаў. «Няхай праз яго заступніцтва Пан дазволіць нам заўсёды адчуваць Яго любячую блізкасць», — пажадаў Святы Айцец.

Джузэпэ Сарта, будучы Папа Пій Х (1835–1914), надаваў важнае значэнне катэхізацыі яшчэ будучы маладым святаром. Абраны Рымскім Пантыфікам у 1903 годзе, ён адразу ініцыяваў падрыхтоўку новага выдання Катэхізіса, адрасаванага шырокаму колу чытачоў. Кніга пабачыла свет у 1908 годзе. У ёй у выглядзе пытанняў і адказаў у даступнай форме былі патлумачаны асновы хрысціянскай веры і маралі. Катэхізіс святога Пія Х карыстаецца папулярнасцю таксама і ў нашыя дні, а ініцыятар яго выдання, кананізаваны ў 1954 годзе, у многіх краінах лічыцца нябесным апекуном катэхетаў.

Абноўлена 22.08.2024 11:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа