Пошук

19.03.2024 18:46   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт Фота: Paolo Pegoraro/Encyclopædia Britannica

Згодна з намерам Папы Францішка аб’яднаць тры Папскія ўніверсітэты, якімі апякуюцца езуіты, у адну ўстанову, Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт у спецыяльным прэс-рэлізе прадстаўляе сваю абноўленую структуру ў адпаведнасці з новым статутам, што ўступіць у сілу 19 мая.

Як паведамляе Англійская рэдакцыя парталу Vatican News, па просьбе Папы Францішка Таварыства Езуса аб’яднала тры Папскія ўніверасітэты ў Рыме ў адну ўстанову.

15 сакавіка айцец Марк Льюіс SІ, рэктар Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта, атрымаў ад айца Артура Сосы SІ, Генеральнага настаяцеля Таварыства Езуса і намесніка Вялікага канцлера Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта, дэкрэт, якім пастанаўляецца, што новы Генеральны статут універсітэта назаўсёды ўключае ў склад Грыгарыянскага ўніверсітэта Папскі Біблійны інстытут і Папскі Усходні інстытут.

Згодна з прэс-рэлізам Грыгарыянскага ўніверсітэта, дакумент уступіць у сілу 19 мая, у нядзелю Спаслання Духа Святога.

Гэтыя тры ўстановы аб’ядноўвае агульная сувязь, бо ўсе яны былі даручаны Папам Таварыству Езуса.

Тры структуры

Грыгарыянскі ўніверсітэт быў заснаваны ў 1551 годзе заснавальнікам езуітаў святым Ігнацыем Лаёлам. На працягу стагоддзяў ён быў акадэмічным цэнтрам, вядомым як «Рымскі калегіюм».

Тым часам Папскі Біблійны інстытут, заснаваны ў 1909 годзе, з’яўляецца цэнтрам паглыбленага вывучэння Святога Пісання, а Папскі Усходні інстытут, заснаваны ў 1917 годзе, спецыялізуецца на вышэйшай адукацыі ў галіне касцёльных навук і кананічнага права Усходніх Касцёлаў.

Указанні Папы Францішка

Статут быў створаны ў адпаведнасці з незамацаваным дакументам — хірографам, — падпісаным Папам Францішкам 17 снежня 2019 года.

У ім Святы Айцец распарадзіўся далучыць Папскі Біблійны інстытут і Папскі Усходні інстытут да Грыгарыянскага ўніверсітэта, захаваўшы пры гэтым іх уласныя назвы і місіі.

Цяпер яны ўваходзяць у склад «адной юрыдычнай асобы як акадэмічныя падраздзяленні ўніверсітэта». Гэтае патрабаванне мела на мэце павышэнне здольнасці двух Папскіх інстытутаў выконваць іх спецыфічныя задачы ў сучасным кантэксце.

Папа езуіт таксама выказаў жаданне, каб Дыкастэрыя па справах Усходніх Касцёлаў і надалей «падтрымлівала і развівала місію Папскага Уходняга інстытута», а Прэфект гэтай дыкастэрыі прыняў на сябе функцыю апекуна Інстытута.

Нарэшце, Святы Айцец перадаў паўнамоцтвы па падрыхтоўцы новага статуту Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта, да якога далучаюцца два Папскія інстытуты, Генеральнаму настаяцелю Таварыства Езуса і адпаведным установам.

Дыкастэрыя па культуры і адукацыі ратыфікавала і зацвердзіла новы статут 11 лютага.

Кіраванне Грыгарыянскім універсітэтам

Папскім Грыгарыянскім універсітэтам кіруе адзін рэктар, якому дапамагае яго Рада.

У склад Рады ўваходзяць тры прэзідэнты, якія падзяляюць адказнасць за кіраванне ўсім універсітэтам, а таксама кантралююць і спрыяюць выкананню задач Папскага Біблійнага інстытута, Папскага Усходняга інстытута і Collegium Maximum (апошні прадстаўляе факультэты і інстытуты, якія былі заснаваныя ў Грыгарыянскім універсітэце да гэтага часу).

Акрамя таго, ў склад Рады ўваходзяць адміністрацыйны дырэктар універсітэта і яшчэ адзін, шосты член, якога прызначае намеснік Вялікага канцлера.

19 мая на трохгадовы тэрмін уступаюць на пасады айцец Джузэпэ Дзі Луччо SІ як прэзідэнт Collegium Maximum, айцец Пётр Дубоўскі SІ як прэзідэнт Папскага Біблійнага інстытута, айцец Санні Томас Какаравакіл SІ у якасці прэзідэнта Папскага Усходняга інстытута, айцец Дэвід Э. Назар SІ у якасці адміністрацыйнага дырэктара універсітэта, а таксама Луіджы Алена ў якасці шостага члена Рэктарскай Рады.

Абноўлена 19.03.2024 20:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця