
Сусветна вядомая дзіцячая бальніца Bambino Gesù — «Дзіцятка Езус» — у Рыме, заснаваная ў 1869 годзе герцагамі Сальвіяці, у 1924 годзе была перададзена Святому Пасаду.
Такім чынам, як паведамляе Украінская рэдакцыя парталу Vatican News, першы ў Італіі педыятрычны шпіталь стаў Папскім, а разам з тым — флагманам у лячэнні хворых дзяцей у Рыме і ва ўсім свеце. Перадача бальніцы пад патранат Ватыкана адбылася 20 лютага 1924 года пры пасрэдніцтве тагачаснага кардынала вікарыя Базыліё Пампілі і са згоды Папы Пія ХІ.
Гісторыя бальніцы
Усё распачалося з дванаццаці ложкаў у будынку, які належаў герцагам Арабэллі і Сцыпіёну Сальвіяці на вуліцы Вія дэлле Дзакалетэ ў Рыме, дзе быў адчынены першы італьянскі педыятрычны шпіталь.
Крыху менш як праз дваццаць гадоў, у 1887 годзе, бальніца пераехала ў стары кляштар святога Ануфрыя на ўзгорку Янікулум на заходнім беразе Тыбра, дзе і размяшчаецца да гэтага часу.
На момант перадачы ўстановы Ватыкану, у Bambino Gesù ўжо атрымалі дапамогу 33 тыс. дзяцей, акрамя тых, хто перажыў такія надзвычайныя сітуацыі, як землятрус у Авэццана ў 1915 годзе, калі было шпіталізавана 420 дзяцей, і эпідэмія грыпа «іспанкі» падчас Першай сусветнай вайны ў 1918 годзе, калі было шпіталізавана 300 дзяцей.
Вядучая ўстанова
Пасля вымушанага перапынку ў дзейнасці падчас Другой сусветнай вайны, на працягу наступных дзесяцігоддзяў бальніца ўзрастала як у плане размяшчэння — корпус у Санта-Марынэллі быў адчынены яшчэ ў 1917 годзе, пазней былі адчынены карпусы ў Палідора ў 1978 годзе, у рымскім мікрараёне Сан-Паоло ў 2012 годзе і ў Пассакура ў 2022 годзе, — так і ў плане функцыянавання, з інтэграцыяй у італьянскую нацыянальную сістэму аховы здароўя і з атрыманнем статусу навукова-даследчага і ўніверсітэцкага медыцынскага цэнтра.
Сёння бальніца Bambino Gesù з’яўляецца самай вялікай у Еўропе дзіцячай клінікай і даследчым цэнтрам, звязаным з асноўнымі міжнароднымі ўстановамі, якія дзейнічаюць у гэтай галіне.
Як паведамляецца на афіцыйным сайце, у 2022 годзе ў бальніцы было зарэгістравана 95 тыс. зваротаў у аддзяленні неадкладнай дапамогі, здзейснена 29 тыс. шпіталізацый, 32 тыс. хірургічных і інтэрвенцыйных працэдур і аказана 2,5 млн амбулаторных паслуг: гэта адзін з найбольш значных паказчыкаў педыятрычнай дапамогі ў Еўропе. Пад назіраннем у 2023 годзе было 18 тыс. дзяцей з рэдкімі захворваннямі з розных краін свету, у тым ліку і з Беларусі.
У апошнія два гады Папская дзіцячая бальніца таксама аказала дапамогу больш як 2 тыс. маленькіх пацыентаў з Украіны.