З 1997 года ў свята Ахвяравання Пана 2 лютага па ініцыятыве святога Яна Паўла ІІ адзначаецца Сусветны дзень кансэкраванага жыцця.
Сёлета гэта адбываецца ўжо ў 28-ы раз і з’яўляецца нагодаю для таго, каб глыбей паразважаць над значэннем гэтага асаблівага духоўнага служэння і памаліцца за ўсіх, хто сваё жыццё без рэшты прысвяціў Богу.
Паводле апошніх статыстычных дадзеных, на канец 2021 года ў Каталіцкім Касцёле было 178 тыс. 036 законнікаў, у тым ліку 128 тыс. 262 святары і 49 тыс. 774 законныя браты, а таксама 608 тыс. 958 законных сясцёр.
Папа Ян Павел ІІ ў спецыяльным Пасланні з гэтай нагоды ад 6 студзеня 1997 года, у якім абвяшчалася аб устанаўленні ў Касцёле Сусветнага дня кансэкраванага жыцця, назваў тры прычыны такога рашэння. Па-першае, яно адпавядае «ўнутранай патрэбе больш урачыстага праслаўлення Пана і падзякі Яму за вялікі дар кансэкраванага жыцця», якое, між іншым, «узбагачае і радуе хрысціянскую супольнасць дзякуючы сваім разнастайным харызмам, а таксама добраму прыкладу людзей, цалкам адданых справе Божага Валадарства». Па-другое, гэты дзень «мае заданне спрыяць пазнанню гэтай формы жыцця і паглыбленню павагі да яго з боку ўсяго Божага народа». Нарэшце, па трэцяе, ён запрашае кансэкраваных асоб «да супольнага і ўрачыстага святкавання незвычайных спраў, якія Пан Бог у іх здзейсніў, каб у святле веры маглі яшчэ паўней адкрыць бляск Божага хараства <…>, а таксама каб маглі яшчэ больш жыва ўсвядоміць сабе сваю незаменную місію ў Касцёле і ў свеце».
Касцёл заўсёды надаваў вялікае значэнне манаскаму жыццю.
З 2 па 29 кастрычніка 1994 года ў Ватыкане праходзіла ІХ Звычайная Асамблея Сіноду Біскупаў, прысвечаная кансэкраванаму жыццю і яго місіі ў Касцёле і ў сучасным свеце.
Яго плёнам стала паслясінадальная Апостальская адгартацыя Яна Паўла ІІ Vita consecrata пра кансэкраванае жыццё і яго місію ў Касцёле і ў сучасным свеце ад 25 сакавіка 1996 года.