Пошук

01.02.2025 17:00   Catholic.by

Рэмбрант Харменс ван Рэйн. Ахвяравання Пана.

Зварот на XXІХ Дзень кансэкраванага жыцця
«Пілігрымы надзеі на шляху да міру»

Глыбокапаважаныя кансэкраваныя асобы, усе тыя, хто належыць да мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі!

Папа Францішак, абвяшчаючы Юбілейны год хрысціянства, звяртае нашую ўвагу на шматлікія сітуацыі ў сучасным свеце, калі людзі губляюць надзею: надзею на лепшы заўтрашні дзень, надзею на жыццё пад мірным небам, надзею на годнае жыццё, надзею на тое, што іх лёс, іх жыццё зменіцца на лепшае. Пантыфік падкрэслівае, што няўпэўненасць у сваёй будучыні становіцца прычынай расчаравання, сумніваў, а нават адчаю і роспачы. Сёння надзея патрэбна маладым людзям, асабліва тым, хто стаіць перад выбарам жыццёвай дарогі, яна вельмі неабходная вязням, выгнанцам, бежанцам. Надзеі чакаюць людзі ў пажылым веку, цяжка хворыя і ўсе тыя, каго напаткалі розныя цярпенні. Патрэбная надзея і тым, хто церпіць ад нястачы, беднасці, голаду, трагедыі вайны і розных формаў сучаснага зняволення (Spes non confundit, 12-15). Але якая надзея патрэбна сучаснаму чалавеку, каб жыццё яго пачало змяняцца, каб сярод цемры безнадзейнасці ён убачыў збаўчы светач, які пакажа яму правільны і шчаслівы накірунак? І тут трэба ўсім нам зразумець, што толькі надзея, злучаная з вераю і падмацаваная Божай любоўю, дае сэнс жыццю кожнага чалавека. Менавіта такая надзея накіроўвае нашыя дзеянні ў напрамку перспектывы вечнасці і менавіта яна вяртае нам радасць жыцця, каб гэтай радасцю мы маглі дзяліцца з іншымі.

Нашыя чалавечыя надзеі, нашыя планы, намеры і мары, нягледзячы на тое, што бываюць важнымі і патрэбнымі, вельмі часта расчароўваюць, становяцца крохкімі і не спаўняюцца. Патрэбны нам Хтосьці, у Кім можам скласці ўсю нашую надзею. Надзею, якая абапіраецца не толькі на чалавечыя разлікі, але якая нас ніколі не падвядзе і не расчаруе. Нашая надзея споўніцца толькі ў Езусе Хрысце. Пра гэта трэба сабе пастаянна нагадваць. «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3,16).

Менавіта так зразуметая надзея давала сілы і моц вучням Езуса Хрыста, пачынаючы ад апосталаў і да сённяшняга моманту. Езус сёння пасылае нас, каб мы, поўныя Яго любові, станавіліся пілігрымамі надзеі ў сучасным свеце. Чалавек надзеі ніколі не паддаецца роспачы, ніколі не расчароўваецца падчас жыццёвай пілігрымкі, бо з’яўляецца паслядоўнікам місіі Хрыста і прыкладвае ўсе намаганні, каб Бога ўсё больш ведалі і любілі.

Місія кансэкраваных асоб з’яўляецца бачным знакам надзеі для тых, хто перажывае сітуацыі безнадзейнасці. Прысутнасць шматлікіх сясцёр, айцоў і братоў у прасторы сучаснага свету з’яўляецца аздараўляючай любоўю, якая вяртае надзею. Часам гэтая прысутнасць нябачная, часам ціхая, а нават і маўклівая, але заўсёды плённая. Усе евангелізацыйныя справы, учынкі міласэрнасці і штодзённая малітва манаскіх сясцёр і братоў, свецкіх і кансэкраваных асобаў садзейнічае будаванню цывілізацыі любові. Гэтага вельмі моцна патрабуюць нашыя сем’і, супольнасць, наша Бацькаўшчына і ўвесь свет.

Кансэкраваныя асобы нагадваюць, што надыдзе дзень Пана, да якога трэба падрыхтавацца. Яны па прыкладзе Сімяона і Ганны чакаюць прыходу Пана ў святыню – святыню нашых сэрцаў. І нарэшце, кансэкраваныя асобы сваім жыццём  сведчаць аб тым, што Бог блізкі да кожнага чалавека.

Хрысціянскае жыццё – гэта пастаянная дарога веры. Веры, якая дае пэўнасць, што Бог ніколі не пакіне чалавека, але з’яўляецца спаўненнем нашай надзеі. Прыгожа гэта прыгадаў аўтар паслання да Габрэяў: «Як Ён цярпеў, праходзячы праз выпрабаванні, так можа дапамагчы тым, каго выпрабоўваюць» (Гбр 2, 18). Хрыстус прысутны ў кожным моманце нашага жыцця. Прысутны ў радасцях і смутку, у адкідванні і цярпенні. Сёння кажа кожнаму з нас: «Гэта Я, не бойцеся!» (Ян 6, 20).

Дзякуючы ўсім кансэкраваным асобам за дар быць знакам надзеі, памолімся словамі св. Клаўдзія, якія папа Францішак размясціў у сваёй апошняй энцыкліцы Dilexit nos, 126: «Мой Божа, веру моцна, што апякуешся ўсімі, хто на Цябе ўскладае надзею. Яны нічога не патрабуюць, бо Табе ва ўсім давяраюць.

Нягледзячы на тое, што некаторыя бліжнія спадзяюцца на шчасце ад свайго багацця і талентаў, іншыя разлічваюць на нявіннасць свайго жыцця, на суровасць пакутаў, на шчодрую міласціну ці на гарачыя малітвы, аднак, Пане, мой глыбокі давер да Цябе з’яўляецца маім адзіным даверам. Гэты давер ніколі нікога не падвядзе. Таму я ўпэўнены, што буду шчаслівы на вякі, бо маю моцную надзею, што менавіта так і будзе. Бо ад Цябе, мой Божа, сыходзіць уся мая надзея».

Няхай Марыя, Маці надзеі, атуляе плашчом сваёй апекі і дапамагае знаходзіць надзею ў штодзённым жыцці, асабліва тады, калі здаецца, што яе няма.

Мінск, Свята Ахвяравання Пана, 2 лютага 2025 г.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Адказны за Інстытуты Кансэкраванага жыцця і Таварыствы Апостальскага жыцця пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Айцец Андрэй Лысы SChr, Старшыня групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі

Абноўлена 01.02.2025 23:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.