Пошук

02.02.2024 12:37   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Catholic News Service

1 лютага ў Ватыкане было абнародавана і прадстаўлена Пасланне Папы Францішка на Вялікі пост, які распачнецца ўжо менш як праз два тыдні. Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дакумент мае назву «Праз пустыню Бог вядзе нас да свабоды».

На пачатку Паслання Святы Айцец спаслаўся на першыя словы Дэкалогу, якімі Бог нагадаў ізраільцянам, што вывеў іх «з зямлі егіпецкай, зямлі няволі». «Народ добра ведаў, пра якое выйсце казаў Бог, бо досвед няволі ўсё яшчэ быў адпячатаны на яго целе», — зазначыў Пантыфік.

«Падобна да таго, як Ізраэль у пустыні ўсё яшчэ мае ў сабе Егіпет — часта па-сапраўднаму сумуючы па мінулым і наракаючы на Неба і Майсея — так і сёння народ Божы нясе ў сабе путы прыгнёту, якія ён павінен пакінуць», — адзначыў Папа, заклікаўшы выкарыстаць Вялікі пост як час ласкі, што вядзе да свабоды.

Першым крокам на гэтым шляху «з’яўляецца жаданне бачыць рэчаіснасць». Папа Францішак нагадаў, што, як Бог пачуў стогн свайго народа ў Егіпце, таксама і мы пакліканы звярнуць ўвагу на вялікую колькасць «прыгнечаных братоў і сясцёр», плач якіх сёння ўзносіцца да неба.

«Давайце запытаемся: ці даходзіць ён і да нас? Ці скаланае нас? Ці ўзрушвае нас?» — прапанаваў задумацца Пантыфік, заўважыўшы, што гэтыя пытанні могуць дапамагчы зразумець, што мы «ўсё яшчэ знаходзімся пад уладаю фараона». «Гэта ўлада, якая робіць нас знясіленымі і неадчувальнымі», якая «раз’ядноўвае нас і крадзе ў нас будучыню», «ёю забруджаны зямля, паветра і вада, але таксама і душы».

«Таму што, хоць нашае вызваленне пачалося з хросту, у нас застаецца невытлумачальная туга па няволі», — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што вызваленне з Егіпта пачалося па ініцыятыве Бога, а Ізраэль нават не прасіў пра гэта, будучы зламаным сваёй няволяй. «Фараон гасіць нават мары, крадзе неба і робіць так, што свет, у якім патаптана годнасць і адмоўлена ў сапраўдных повязях, здаецца немагчымым змяніць. Яму ўдаецца прывязаць да сябе. Давайце спытаемся: ці хачу я новага свету? Ці гатовы я адмовіцца ад кампрамісаў са старым?» — заклікаў паразважаць Папа Францішак, прыводзячы сведчанні многіх біскупаў з розных частак свету, якія пераконваюць у патрэбе змагання з «дэфіцытам надзеі», што «нагадвае тую тугу па няволі, якая паралізуе Ізраэль у пустыні, перашкаджае яму рухацца наперад».

Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў прыняць Вялікі пост як духоўна моцны перыяд, як «час навяртання, час свабоды», на якім нас суправаджае Езус.

«Пустыня — гэта прастора, дзе наша свабода можа саспець у асабістым рашэнні не трапіць зноў у няволю», — адзначыў Папа, падкрэсліўшы, што гэты шлях «азначае барацьбу» з падманлівымі спакусамі д’ябла і ідаламі, якімі могуць быць прывязанасць «да грошай, пэўных праектаў, ідэй, мэт, да свайго становішча, традыцый і нават да пэўных людзей».

«Замест таго, каб падштурхоўваць нас наперад, яны паралізуюць нас. Замест таго, каб прымусіць нас аб’яднацца, яны будуць супрацьпастаўляць нас адзін аднаму», — падкрэсліў Пантыфік, заклікаўшы вернікаў стаць «новым чалавецтвам», якое не паддаецца «прывабе хлусні», стаць евангельскімі «ўбогімі духам», якія «з’яўляюцца маўклівай сілай дабра, што аздараўляе і падтрымлівае свет».

Святы Айцец адзначыў, што Вялікі пост — гэта час, калі вернікі пакліканы «спыніцца ў малітве, каб прыняць Божае слова, і спыніцца, як Самаранін, у прысутнасці параненага брата», бо «любоў да Бога і бліжняга — гэта тая самая любоў», а «не мець іншых багоў — значыць заставацца ў прысутнасці Бога, каля цела бліжняга». «Такім чынам, малітва, міласціна і пост — гэта не тры самастойныя задачы, але адзін рух адкрытасці, самаачышчэння: ад ідалаў, якія нас абцяжарваюць; ад прыхільнасцяў, якія нас звязваюць», — напісаў Пантыфік, нагадаўшы вернікам, што «кантэмпляцыйнае вымярэнне жыцця, якое Вялікі пост дазваляе нам нанава адкрыць, мабілізуе новыя сілы».

«У прысутнасці Бога мы становімся сёстрамі і братамі, мы адчуваем іншых з новай моцай: замест пагроз і ворагаў мы знаходзім спадарожнікаў. Гэта Божая мара, абяцаная зямля, да якой мы накіроўваемся, калі выходзім з няволі», — дадаў Папа.

У кантэксце адкрыцця сінадальнай формы Касцёла Папа Францішак таксама заахвоціў зрабіць Вялікі пост перыядам супольных рашэнняў, «малых і вялікіх выбараў, насуперак пануючай тэндэнцыі, здольных змяніць штодзённае жыццё паасобных людзей і жыццё кварталаў: спажывецкія звычкі, клопат пра стварэнне, уключэнне тых, каго не заўважаюць або кім пагарджаюць». «Наколькі гэты Вялікі пост будзе перыядам навяртання, настолькі згубленае чалавецтва адчуе штуршок крэатыўнасці: успышку новай надзеі», — напісаў Папа Францішак, заклікаўшы з адвагай і надзеяй глядзець у будучыню.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа