Пошук

16.01.2024 11:20   Vatican News
Фота: ANSA

Рызыка эскалацыі вайны, адсутнасць намеру сыходзіць у адстаўку, апостальскія падарожжы ў Палінезію і Аргенціну, а таксама дэкларацыя Fiducia supplicans — вось некаторыя з тэм, якія закрануў Папа Францішак у праграме Che Tempo Che Fa італьянскага тэлеканала Nove, якая выйшла ў эфір у нядзелю 14 студзеня.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, нтэрв’ю ў Пантыфіка ўзяў журналіст Фабіё Фацыё.

У адказ на пытанне аб дэкларацыі Fiducia supplicans Дыкастэрыі веравучэння, якае дае магчымасць благаслаўляць пары ў нестандартных сітуацыях, у тым ліку і аднаполыя пары, Папа пацвердзіў, што «Пан благаслаўляе ўсіх: кожнага, кожнага».

«Мы павінны ўзяць гэтых людзей за руку, а не асуджаць іх з самага пачатку», — сказаў Папа. Гэта «душпастырская праца Касцёла», — адзначыў ён, назваўшы яе важнай задачай для спаведнікаў, якія закліканыя «дараваць усё».

Папа прызнаўся, што сам ён за 54 гады святарства толькі аднойчы адмовіў у прабачэнні «з-за крывадушнасці гэтага чалавека». Пана «не абураюць нашы грахі, таму што Ён — Айцец, Ён суправаджае нас», — падкрэсліў Папа Францішак, выказаўшы надзею, што пекла можа апынуцца пустым.

Пантыфік паўтарыў сваё неаднаразовае асуджэнне жахаў вайны на Блізкім Усходзе і ва Украіне. «Гэта праўда, што заключэнне міру звязана з рызыкай, але вайна яшчэ больш рызыкоўная», — сказаў ён.

Святы Айцец таксама распавёў пра сустрэчу, якую ён правёў на мінулым тыдні з дэлегацыяй дзяцей з Украіны. «Ніхто з іх не ўсміхаўся», — сказаў ён. «Дзеці ўсміхаюцца спантанна. Я даў ім шакаладу, а яны не ўсміхнуліся. Яны развучыліся ўсміхацца. Гэта злачынства, калі дзіця развучылася ўсміхацца. Вось што робіць вайна: яна перашкаджае марыць», — адзначыў пастыр паўсюднага Касцёла.

«За войнамі стаіць гандаль зброяй», — сцвердзіў Папа.

Ён таксама падзяліўся сваёй бояззю перад пашырэннем канфлікту: «Гэтая ваенная эскалацыя палохае мяне, таму што гэтыя новыя ваенныя крокі ў свеце прымушаюць задумацца, чым мы скончым. Цяпер у нас ёсць атамная зброя, якая знішчае ўсё. Чым мы скончым? Як Ноеў каўчэг? Мяне палохае здольнасць да самаразбурэння, якой валодае чалавецтва сёння», — прызнаўся Святы Айцец.

Ён таксама закрануў праблему мігрантаў, узгадаўшы сваю сустрэчу з маладым камерунцам Пата, які страціў жонку і дачку ў пустыні паміж Тунісам і Лівіяй. Папа прыняў яго ў лістападзе 2023 года ў сваёй рэзідэнцыі ў Доме святой Марты.

«Колькі жорсткасці ў абыходжанні з мігрантамі з моманту, калі яны пакідаюць свае дамы, і да прыбыцця сюды, у Еўропу», — сказаў ён.

«Кожны мае права заставацца дома ці міграваць», — сцвердзіў Папа Францішак.

Ён заклікаў да «добра прадуманай» міграцыйнай палітыкі, якая б дапамагла «ўзяць праблему мігрантаў у свае рукі» і «ліквідаваць усе гэтыя мафіі, якія эксплуатуюць мігрантаў».

На пытанне аб сваёй магчымай адстаўцы Папа Францішак адказаў так: «Гэта не думка, не занепакоенасць і нават не жаданне. Гэта магчымасць, адкрытая для ўсіх Папаў, але на цяперашні момант яна не ў цэнтры маіх думак і клопатаў, маіх пачуццяў».

Папа анансаваў два апостальскія падарожжы, якія павінны адбыцца ў 2024 годзе: у жніўні ў адну ці некалькі краін Палінэзіі, напрыканцы года — у яго родную Аргентыну.

Абноўлена 16.01.2024 11:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця