Папа Францішак заклікае маліцца за дар разнастайнасці ў Касцёле на працягу студзеня.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News, сваю інтэнцыю Пантыфік агучыў і патлумачыў у відэароліку Папскай сусветнай сеткі малітвы.
«Мы не павінны баяцца разнастайнасці харызмаў у Касцёле. Наадварот, мы павінны з радасцю жыць гэтай разнастайнасцю. Ужо ў першых хрысціянскіх супольнасцях існавалі разнастайнасць і адзінства: яны стваралі напружанасць, якая патрабавала вырашэння на больш высокім узроўні»,
— нагадаў Святы Айцец.
На думку Пантыфіка, «каб ісці па шляху веры, нам таксама неабходны экуменічны дыялог з нашымі братамі і сёстрамі з іншых хрысціянскіх канфесій і супольнасцяў». «Не як нешта, што стварае блытаніну і неспакой, але як дар, які Пан дае хрысціянскай супольнасці, каб яна расла як адзінае цела, Цела Хрыста», — дадаў Папа Францішак.
Святы Айцец паставіў у прыклад Усходнія Цэрквы. «У іх ёсць свае традыцыі, некаторыя асаблівыя літургічныя абрады, але яны захоўваюць адзінства веры. Умацоўваюць яго, а не ствараюць падзелы.
Калі мы дазваляем Святому Духу весці нас, тады багацце, разнастайнасць, адметнасці ніколі не становяцца прычынай для канфліктаў. Святы Дух нагадвае, што ў першую чаргу мы — умілаваныя Божыя дзеці. Усе роўныя ў Божай любові і ўсе розныя»,
— падкрэсліў Папа Францішак.
«Молімся аб тым, каб Дух дапамог распазнаваць дар розных харызмаў у хрысціянскіх супольнасцях і адкрываць багацце розных традыцый і абрадаў ва ўлонні Каталіцкага Касцёла», — агучыў малітоўную інтэнцыю на студзень Пантыфік.