Пошук

05.10.2026 17:10   Вольга Сакун / Vatican News RU / Пераклад і адаптацыя: catholic.by
Выява ілюстрацыйная

2 кастрычніка ў Зале друку Апостальскай Сталіцы была аб'яўлена сустрэча Папы Льва XIV з епіскапатамі ўсяго свету на тэму «Дзесяць гадоў Amoris laetitia: абвяшчаць сёння Евангелле разам з сем'ямі». Сустрэча пройдзе з 7 па 14 кастрычніка; Папа запрасіў на яе настаяцеляў Усходніх Касцёлаў і старшынь біскупскіх канферэнцый. Прадугледжаны таксама ўдзел экспертаў і сем'яў.

Габрыэла Гамбіна, намеснік сакратара Дэпартамента па справах свецкіх, пытаннях сям'і і жыцця, нагадала, з якой мэтай Папа збярэ гэтую асамблею: абвяшчаючы аб яе скліканні, ён сам растлумачыў, што яна пройдзе для «саборнага распазнання крокаў, якія варта зрабіць для абвяшчэння Евангелля сённяшнім сем'ям у святле Amoris laetitia, і, улічваючы тое, што было зроблена мясцовымі Касцёламі».

Дзесяць гадоў — гэта добрая нагода, каб спыніцца і задумацца, выслухаць апавяданні біскупаў аб тым шляху, які іх Касцёлы праходзяць разам з сем'ямі.

Гамбіна зноў спаслалася на словы Папы: «Наш час адзначаны імклівымі грамадска-культурнымі зменамі, з-за якіх сем'ям усё больш складана жыць і пераказваць веру. У грамадстве ўсё больш секулярызаваных маладыя людзі павінны адкрыць для сябе пакліканне да сужэнства, каб весці сужэнскае жыццё ў Хрысце». Сёння Касцёл мае надзвычайную патрэбу ў сем'ях, здольных пераказваць веру, каб заўтра гэты Касцёл змог абвяшчаць і нараджаць пакліканні.

Гамбіна адзначыла, што патрэба ў правядзенні такой сустрэчы была выяўлена падчас візітаў біскупскіх канферэнцый ad limina. Іерархі ўжо на працягу доўгага часу выказваюць занепакоенасць цяжкасцямі, сустрэтымі ў пастырскай працы з сем'ямі, і цяжкасцямі саміх сем'яў у адносінах і паўсядзённым жыцці. Некаторыя лічбы дапамагаюць зразумець маштаб праблемы: у Польшчы за апошнія пяць гадоў колькасць сужэнстваў, заключаных у Касцёле, скарацілася на 45 працэнтаў, а ў Аўстраліі за апошнія 50 гадоў яна скарацілася больш як у пяць разоў.

Адпраўным пунктам для пастырскай апекі аб сем'ях, лічыць Гамбіна, павінна быць менавіта пытанне аб пакліканні, паколькі шлюб — гэта хрысціянскае пакліканне, і моладзь у першую чаргу неабходна навучыць глядзець на сваё жыццё ў гэтай перспектыве.

Ракеле Грацыёлі, дацэнт кананічнага матрыманіяльнага права ў Папскім інстытуце навук аб шлюбе і сям'і імя Яна Паўла ІІ, у сваім дакладзе на прэзентацыі падкрэсліла, што сустрэча Папы з іерархамі не будзе новым аналізам тэксту паслясінадальнай апостальскай адгартацыі: гэта будзе паглыбленае разважанне аб сямейных і пастырскіх рэаліях, натхнёных Amoris laetitia.

Гэтую ж думку пацвердзіў ксёндз Джакама Коста, кансультант па метадалогіі Генеральнага сакратарыята Сінода біскупаў, адзначыўшы, што гаворка ідзе не аб новым тлумачэнні дакумента, а аб «чытанні гісторыі» пра тое, які кірунак Amoris laetitia надала жыццю Касцёлаў і сем'яў, чаму мы навучыліся, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся, якія новыя пытанні былі выяўлены. Ксёндз Коста расказаў пра метад правядзення маючай адбыцца сустрэчы, падкрэсліўшы, што значнае месца там будзе адведзена Божаму слову, малітве, цішыні і, канешне ж, дыялогу. Плёны сустрэчы будуць абагульнены ў заключным тэксце, які не стане нейкім «выніковым дакументам», які замяняе Amoris laetitia, але кароткім выкладам таго, да чаго асамблея прыйдзе праз саборнае распазнанне.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.