Пошук

13.11.2023 11:29   Vatican News
Фота: Famigliacristiana.it

З 9 па 11 лістапада ў Ватыкане праходзіў міжнародны форум рэктараў і супрацоўнікаў санктуарыяў.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у апошні дзень форуму на аўдыенцыі ў Зале Паўла VI Папа Францішак зазначыў, што святы народ Божы сцякаецца ў санктуарыі дзеля малітвы, суцяшэння і ўпэўненасці ў будучыні.

У сваёй прамове, Святы Айцец заўважыў, што санктуарыі — гэта асаблівыя, прывілеяваныя месцы малітвы, суцяшэння і надзеі. Перш за ўсё, пілігрымы скіроўваюцца ў санктуарыі для таго, каб памаліцца і сустрэць ласку Божую.

Пантыфік параіў вельмі адказна падыходзіць да выбару святароў для споведзі, каб вернікі, якія прыходзяць у санктуарыі, не знаходзілі перашкод на шляху да сапраўднага і поўнага паяднання з Богам.

«Дараваць, заўсёды дараваць», — нагадаў Папа Францішак, заклікаючы супрацоўнікаў санктуарыяў надаваць таксама асаблівую ўвагу адарацыі.

Па-другое, вернікі адпраўляюцца ў санктуарыі па суцяшэнне. Хвароба блізкага чалавека, страта сям’і, цяжкія жыццёвыя сітуацыі часта з’яўляюцца прычынамі самоты і суму, з якімі людзі прыходзяць у санктуарыі. Суцяшэнне — не абстрактная ідэя, а спагадлівая і пяшчотная блізкасць да тых, хто адчувае боль і пакуты. Яно раўнасільнае «дотыку Божай ласкі», таму ў санктуарыях не могуць адсутнічаць службы суцяшэння.

Нарэшце, у санктуарыі ідуць дзеля таго, каб «з большай упэўненасцю глядзець у будучыню». Пілігрым мае патрэбу ў надзеі.

«Важна, каб, вярнуўшыся дадому, ён адчуваў сябе задаволеным і напоўненым супакоем, таму што ён даверыўся Богу»,

—  адзначыў Пантыфік, параіўшы надаваць вялікую ўвагу гасціннаму прыёму і пастырскаму клопату, каб перад тым, як пакінуць санктуарый, пілігрымы атрымалі словы і знакі надзеі.

Напрыканцы прамовы Папа нагадаў, што наступны год будзе цалкам прысвечаны малітве напярэдадні Юбілею 2025 года, і запрасіў закасаць рукавы, каб дапамагчы вернікам зноў адкрыць для сябе цэнтральную ролю штодзённай малітвы. Малітвы ад сэрца, ад душы, «не як у папугаяў», —  заахвоціў Папа Францішак.

Абноўлена 13.11.2023 11:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця