Пошук

08.11.2023 14:08   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Фота: Vatican Media / Catholic.by

Больш за сем тысяч дзяцей з 84-х краін свету ўзялі ўдзел у сустрэчы з Папам Францішкам, якая адбылася ў панядзелак 6 лістапада ў зале Паўла VI у Ватыкане.

Як паведамлялася раней, інцыятыва «Дзеці сустракаюцца з Папам» была арганізавана ватыканскай Дыкастэрыяй па культуры і адукацыі. Да яе правядзення, якое было прымеркавана да Сусветнага дня дзіцяці, што па рашэнні ААН штогод адзначаецца 20 лістапада, прычыніліся італьянская няўрадавая арганізацыя Auxilium, каталіцкі рух «Супольнасць святога Эгідыя», які часта ўдзельнічае ў папскіх сацыяльных ініцыятывах, і мясцовыя аддзелы адукацыі Італіі.

У залу, дзе зазвычай праходзяць папскія аўдыенцыі, Папа прыбыў на інвалідным вазку пад гукі песні «Супергероі» ў выкананні прысутнага на незвычайным мерапрыемстве вядомага італьянскага спевака і рэпера Mr.Rain (Маціі Бэлярдзі).

Разам са спеваком прысутныя дзеці гучна спявалі прыпеў папулярнай песні, якая ў лютым заняла адно з прызавых месцаў на музычным фестывалі ў Санрэма. На пачатку сустрэчы Святога Айца прывіталі дзеці з Аўстраліі, Бэніна, Гватэмалы, Сірыі і Украіны.

Папа Францішак звярнуўся да прысутных з кароткай прамовай, у якой зазначыў, што дзеці могуць штосьці даць свету, перадусім сваёй прастатой, якой кожны можа ў іх навучыцца. Святы Айцец раз-пораз актывізаваў малых, задаючы ім кароткія пытанні і запрашаючы паўтараць за ім фразы, адна з якіх гучала так: «Жыццё — дзівосны дар».

«Я хацеў бы прыняць усіх вас, кожнага асобна, але вас так шмат, і таму кажу ўсім вам, хлопчыкі і дзяўчынкі, што вы — гэта штосьці цудоўнае, ваш узрост цудоўны, і я кажу вам ісці наперад», — звярнуўся да дзяцей Святы Айцец.

Дзеці з 14-і краін мелі магчымасць задаць Папу Францішку пытанні, многія з якіх датычыліся міру і вайны, а таксама абароны навакольнага асяроддзя.

Адзін сірыйскі хлопчык спытаўся ў Пантыфіка, чаму на вайне забіваюць дзяцей, і ніхто іх не абараняе. Адказваючы, Святы Айцец адзначыў, што, калі б на вайне забівалі толькі ваенных, гэта была б іншая справа; але забіваюць нявінных, забіваюць дзяцей, і гэта паказвае зло вайны. Ён запрасіў удзельнікаў сустрэчы ў цішыні падумаць пра забітых дзяцей, а потым разам памаліцца «Ойча наш».

У адказ на пытанні малых з Палестыны і Украіны пра тое, як усталяваць мір у свеце, Папа адказаў, што няма методыкі, каб навучыцца ўсталёўваць мір.

«Ёсць жэст: мір дасягаецца працягнутай рукой, працягнутай на знак сяброўства рукой, заўсёды ў пошуку, каб далучаць людзей і ісці разам», — падкрэсліў Пантыфік.

Папа асаблівым чынам узгадаў пра дзяцей, якія пакутуюць ад вайны, голаду, хвароб, кліматычных катаклізмаў, беднасці і знаходзяцца ў небяспецы, «таму што злыя людзі прымушаюць іх нават браць у рукі зброю».

«Бог любіць вас вельмі моцна, — сказаў Папа Францішак, — і гэта цудоўна быць разам, размаўляць, дзяліцца і даваць. Рабіце гэта заўсёды! Маці Божая дапаможа вам!»

Папа запытаўся ў дзяцей, ці яны моляцца праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і, атрымаўшы гучны станоўчы адказ, заахвоціў іх працягваць гэта рабіць.

Некаторыя з малых задавалі і больш асабістыя пытанні: напрыклад, з кім Папа сябруе і што яму сніцца па начах.

«Часам у мяне бываюць сны, якія з’яўляюцца ўспамінамі пра тое, як я быў маладым або дзіцём, і я ўзгадваю пра гэта ў сне», — адказаў Папа, дадаўшы, што бачыць сны — гэта цудоўна, але прызнаўся, што сам іх найчасцей не памятае.

Абноўлена 08.11.2023 14:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа