Пошук

08.11.2023 11:38   Vatican News
С. Наталі Бэкар. Фота: CNS photo / Justin McLellan

Намесніца сакратара Сіноду Біскупаў сястра Наталі Бэкар, ксавэрыянка, падзялілася меркаваннем адносна вынікаў першай сесіі XVI Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў па сінадальнасці.

З пазіцыяй жанчыны, якая займае высокую пасаду ў Касцёле, знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Падсакратар Сіноду адзначыла, што ўжо цяпер існуюць магчымасці для больш актыўнага ўдзелу свецкіх, асабліва жанчын, у жыцці каталіцкіх супольнасцяў, а таксама для змен, якія можна рэалізаваць неадкладна.

«Ёсць шмат рэчаў, якія могуць быць зробленыя заўтра ці ў бліжэйшы час на мясцовым узроўні. Таму ўсё, што можна рэалізаваць для ўкаранення неабходнага стылю сінадальнасці, для стварэння душпастырскіх рад, для ўключэння большай колькасці свецкіх, павінна быць зроблена на мясцовым узроўні», — распавяла законніца ў інтэрв’ю партугальскаму агенцтву Ecclesia.

Яна падкрэсліла заклік да «большага ўдзелу жанчын у кіраўніцтве Касцёлам», зрабіўшы сінадальнасць «спосабам быць Касцёлам сёння і ў будучыні».

«Каб заставацца вернымі абвяшчэнню Евангелля, мы павінны ўсё больш і больш станавіцца Касцёлам сінадальным; Касцёлам, у якім усе ахрышчаныя пакліканы працаваць разам як браты і сёстры ў Хрысце, быць галоўнымі героямі і служыць місіі Касцёла»,

— растлумачыла Бэкар.

Яна нагадала пра заклік удзельнікаў першай сесіі XVI Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў па сінадальнасці, якая прайшла ў кастрычніку, заснаваць душпастырскія рады ва ўсіх парафіях і дыяцэзіях, пашырыўшы такім чынам сферу кансультацый і ўдзелу.

На яе думку, ватыканскі сход падараваў «досвед магчымага адзінства» з улікам разнастайнасці ўдзельнікаў.

«Тое, што на працягу гэтых тыдняў мы ўсе былі разам, не сварыліся, а спрабавалі выслухаць адно аднаго, зразумець пункт гледжання таго, хто не мае такой жа думкі, як мы, — гэта вельмі моцны знак», — распавяла намесніца сакратара Сіноду Біскупаў, падкрэсліўшы важнасць прынятай метадалогіі «размовы ў Духу Святым».

Яна адзначыла прысутнасць Папы Францішка, старшыні Сіноду, які «большую частку часу слухаў».

Яна таксама заявіла, што сінадальная асамблея «характарызавалася здольнасцю слухаць і шырокай свабодай выказвання».

«Мы бачылі, што існуе мноства розных пунктаў гледжання. Вельмі цікава, што такой разнастайнасці пунктаў гледжання не было паміж біскупамі з аднаго боку і не-біскупамі з другога», — адзначыла французская законніца ксавэрыянка.

Яна дадала, што дні правядзення асамблеі Сіноду былі адзначаны рознымі канфліктамі ў свеце, у прыватнасці вайной, якая пачалася на Святой Зямлі.

«Мы бачым, што галоўная задача сённяшняга свету, свету, падзеленага вялікай колькасцю канфліктаў і гвалту, заключаецца ў тым, каб быць знакам адзінства, будаваць шляхі прымірэння і працаваць на карысць міру», — адзначыла сястра Бэкар.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця