Пошук

17.10.2023 09:00   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Фота: Аvvenire.it

15 кастрычніка апублікавана Апостальскага адгартацыя Папы Францішка пад назвай на французскай мове C’est la сonfianсe — «Гэта давер» — з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса і Найсвяцейшага Аблічча.

Кароткі агляд новага дакумента прадставіла Польская рэдакцыя Vatican News.

Папа: святая Тэрэза паказвае на любоў і давер да Божай міласэрнасці

Сёння яе «малы шлях» заахвочвае верыць у бясконцую любоў Бога, а таксама ў перажыванне сустрэчы з Хрыстом, які адкрываецца на іншых.

«У сэрцы Касцёла, Маёй Маці, буду Любоўю», — пісала маленькая Тэрэзка, якая адышла да Пана ва ўзросце 24-х гадоў і была абвешчана апякункай місій.

«Толькі давер і нішто, як давер, павінны весці нас да Любові». Менавіта гэтымі словамі, якія былі напісаны ў верасні 1896 года святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езуса і Святога Аблічча натхнілі назву Апостальскай адгартацыі, якую Папа Францішак прысвяціў Маленькай Тэрэзе з Лізьё.

Высокая ацэнка Папаў

Папа Францішак прадстаўляе асобныя этапы прызнання надзвычайнай каштоўнасці сведчанняў святой Тэрэзкі, узгадваючы наступныя рашэнні Папаў.

Святы Айцец Леў ХІІІ дазволіў Тэрэзе ўступіць у кляштар ва ўзросце 15-і гадоў. Папа Пій ХІ у 1925 годзе абвясціў яе святой, а ў 1927 — апякункай місій. Святы Ян Павел ІІ ў 1997 годзе абвясціў святую Тэрэзу, якую часам называюць «Малой», доктарам Касцёла.

Любоў да Езуса ў місіянерскім вымярэнні

У сваёй манаскай келлі святая Тэрэза пісала: «Езус — мая адзіная любоў» (8). Аналізуючы духоўны вопыт святой, Папа Францішак адзначае, што сустрэча з Езусам «паклікала Тэрэзу да місіі» і што яна не магла ўявіць «свайго прысвячэння Богу без пошуку дабра для братоў». У рэшце рэшт, яна ўступіла ў Кармэль, каб «ратаваць душы» (9).

Шлях даверу і любові

Папа Францішак ў сваёй Адгартацыі закранае сэрца духоўнасці святой Тэрэзкі, «малы шлях», які яшчэ называюць «шляхам духоўнага дзяцінства».

Для святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса сапраўднае значэнне мае дзеянне Бога, Яго ласка, а не асабістыя заслугі, бо гэта Ён нас асвячае.

Таму Папа піша, што «найбольш адпаведным стаўленнем будзе ускласці давер сэрца па-за самім сабою: на бясконцую любоў Бога, які любіць бязмежна і які ахвяраваў усё на Крыжы Езуса» (20).

Аддаць сябе ў рукі Айца

У жыцці, як адзначае Папа Францішак, «нас часта ахопліваюць страхі, жаданне па-чалавечы разумнага пачуцця бяспекі, неабходнасць трымаць усё пад кантролем» (23). Давер, гэта значыць страта сябе ў Богу, пра якую казала святая Тэрэзка, «вызваляе нас ад дакучлівых разлікаў, ад пастаянных клопатаў пра будучыню, ад страхаў, якія забіраюць спакой». «Калі мы знаходзімся ў руках Айца, які любіць нас безумоўна, гэта застанецца правільным, нягледзячы ні на якія абставіны, — падкрэсліў Папа і дадаў: Мы зможам рухацца наперад, што б ні здарылася» (24).

«Выпрабаванне веры» і давер да міласэрнасці

Духоўнае жыццё маладой манахіні кармэліткі не было свабодным ад выпрабаванняў, у тым ліку ад выпрабаванняў веры. У яе часы ўсё шырэй распаўсюджваўся сучасны атэізм.

Святая Тэрэзка «адчувае сябе сястрой атэістаў» (26) і заступаецца за іх, ахвяруючы сваё жыццё і аднаўляючы вызнанне веры.

Яна бязмежна давярае бясконцай міласэрнасці Бога, бо ў Богу ўсё ёсць любоў, у тым ліку і справядлівасць. «Гэта адно з найважнейшых адкрыццяў „Малой“ Тэрэзкі, адзін з яе найбольшых дароў народу Божаму», — піша Папа і дадае, што «яна незвычайным чынам пранікла ў глыбіні Божай міласэрнасці і запаліла ў іх полымя сваёй бясконцай надзеі» (27).

«У сэрцы Касцёла, маёй Маці, я буду Любоўю»

Ад святой Тэрэзы Авільскай, «Малая» Тэрэза атрымала ў спадчыну, як чытаем у Адгартацыі, «вялікую любоў да Касцёла і здолела адкрыць глыбіню гэтай таямніцы». У «Гісторыі адной душы» яна напісала: «Я зразумела, што ў Касцёла ёсць сэрца і што гэтае сэрца гарыць любоўю», і падкрэсліла: «У сэрцы Касцёла, маёй Маці, я буду Любоўю» (39). Папа Францішак адзначае, што «гэта не сэрца трыумфуючага Касцёла: гэта сэрца любячага, пакорнага і міласэрнага Касцёла».

«Такое адкрыццё сэрца Касцёла з’яўляецца вялікім святлом і для нас, каб мы не былі збянтэжаныя абмежаваннямі і слабасцямі касцёльнага інстытуту, пазначанага цемрай і грахамі» (41),

— падкрэслівае Папа.

У рэшце рэшт, важная толькі любоў

У апошнім раздзеле Папа Францішак сцвярджае, што новая Апостальская адгартацыя з’яўляецца магчымасцю нагадаць, што — як мы чытаем у Evangelii Gaudium («Радасць Евангелля») — у місійным Касцёле «прапаведванне засяроджана на тым, што больш прыгожае, большае, больш прывабнае і ў той жа час найбольш неабходнае» (47). Папа падкрэслівае, што «ў рэшце рэшт, важная толькі любоў» (48).

«Кожны ў сваёй сферы павінен ўвабраць у сябе гэтую бліскучую інтуіцыю Маленькай Тэрэзы і чэрпаць з гэта тэарэтычныя і практычныя наступствы, дактрынальныя і пастырскія, асабістыя і супольныя. Для гэтага патрэбна адвага і ўнутраная свабода» (50),— падкрэслівае Святы Айцец.

Актуальнасць «малога шляху»

Напрыканцы Папа нагадвае істотныя аспекты «малога шляху» святой Тэрэзкі, падкрэсліваючы яе сучасны характар. Адгартацыя заканчваецца кароткай малітвай, у якой Папа Францішак просіць святую: «Дапамажы нам заўсёды давяраць, як і ты, вялікай любові Бога да нас, каб кожны дзень наследаваць твой „малы шлях“ святасці» (53).

Абноўлена 09.11.2023 14:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа