9 кастрычніка ўдзельнікі Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў, якая праходзіць у Ватыкане, прыступілі да абмеркавання другога модуля Instrumentum laboris — працоўнага дакумента, — прысвечанага тэме «Камунія, якая выпраменьваецца».
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, удзельнікі Сіноду засяродзіліся на пытанні: «Як больш поўна быць знакам і прыладай еднасці з Богам і еднасці чалавечай сям’і?»
З уступным словам да ўдзельнікаў форума звярнуўся генеральны рэлятар Асамблеі кардынал Жан-Клод Ольрыш.
Іерарх нагадаў пра любоў Бога да кожнага чалавека, а таксама падзяліўся сведчаннем пра афрыканскую сям’ю, якая прыбыла ў Еўропу, але не змагла знайсці сабе месца ў каталіцкай парафіі, якую наведвала, бо супольнасць вернікаў, што прыходзіла на Імшу, не давала ім глыбокага пачуцця адзінства: на іх глядзелі зверху ўніз з прычыны іх адметных рэлігійных традыцый.
«Яны адчувалі сябе адчужанымі і тады знайшлі метадысцкую супольнасць, дзе былі прынятыя, дзе атрымалі канкрэтную дапамогу, каб зрабіць першыя крокі ў новай краіне. Але ў першую чаргу яны былі прынятыя як браты і сёстры, а не як аб’екты дабрачыннай дапамогі; не былі проста сродкам для людзей, якія хацелі зрабіць ім дабро, а былі прынятыя як людзі, што ідуць разам», — расказаў люксембуржскі іерарх.
Кардынал Ольрыш падкрэсліў, што «ўсе запрошаны быць часткай Касцёла», пра што казаў Папа Францішак. «У глыбокай еднасці з Айцом праз Святога Духа Езус пашырыў гэтую еднасць на ўсіх грэшнікаў. Ці гатовыя мы зрабіць тое самае? Ці гатовыя мы зрабіць гэта з групамі, якія, магчыма, нас раздражняюць, бо іх спосаб існавання, здаецца, пагражае нашай тоеснасці?» — спытаўся іерарх, дадаўшы: «Калі будзем паводзіць сябе як Езус, тады будзем сведчыць пра любоў Бога да свету».
«Што гэта значыць для экуменізму? Як жыць нашай каталіцкай верай так, каб глыбокая еднасць, якую мы адчулі падчас малітоўнага чування перад нашымі рэкалекцыямі, не была прыгожым выключэннем, але стала звычайнай рэчаіснасцю? Як мы можам глыбока жыць нашай верай у нашай культуры, не выключаючы людзей іншых культур? Як мы можам узаемадзейнічаць з людзьмі іншых веравызнанняў дзеля справядлівасці, міру і цэласнай экалогіі?» — задаў пытанні кардынал Ольрыш, заклікаўшы ўдзельнікаў сінадальнага сходу да дыскусій і рэфлексіі.
Іерарх заўважыў, што на працягу бліжэйшых двух дзён удзельнікі Сіноду Біскупаў будуць працаваць у малых групах, якія былі арганізаваны па-новаму: цяпер яны сфармаваныя не па моўным прынцыпе, але таксама па тэматычным.
Арцыбіскуп Люксембуржскі заклікаў не баяцца напружанасці, якая можа ўзнікнуць пры абмеркаванні другога модуля Instrumentum laboris: «Напружанасць з’яўляецца часткай працэсу, пакуль мы не пачнем лічыць сябе братамі і сёстрамі, якія ідуць разам».
11 кастрычніка ў Ватыкане прайшоў брыфінг, на якім журналістаў паінфармавалі пра ход Сіноду Біскупаў. У малых групах удзельнікі форума абмеркавалі пытанні адукацыі, навакольнага асяроддзя, полікультурнасці, а таксама адносін з маргіналізаванымі групамі насельніцтва і мігрантамі.
Сапраўдная прыгажосць Каталіцкага Касцёла «становіцца відавочнай, калі яго дзверы адчыненыя і прымаюць людзей. Мы спадзяемся, што Сінод дапаможа нам адчыніць іх яшчэ больш», — такімі словамі акрэсліў тэму другога модуля Instrumentum laboris кардынал Джозэф Тобін.
Як падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паоло Руфіні, у параўнанні з папярэднімі Сінодамі, удзельнікі цяперашняй асамблеі маюць значна больш магчымасцяў для таго, каб выказацца, асабліва ў малых групах. «Паміж усімі ўдзельнікамі ідзе вялікі абмен думкамі, які распачаўся яшчэ падчас перадсінадальных рэкалекцый», — сказаў Руфіні.