10 кастрычніка ў Ватыкане было ўсталявана рэканструяванае старажытнае паруснае судна пад назвай — «Човен святога Пятра».
Пра гэта паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Часткай экспазіцыі Ватыканскіх музеяў стаў вялізарны парусны човен — рэканструкцыя амаль васьмімятровага старажытнага драўлянага судна, знойдзенага ў 1986 годзе на дне Галілейскага возера ў Ізраілі. Незвычайны экспанат, названы «Чоўнам святога Пятра», быў падараваны Папу Францішку 15 сакавіка бягучага года. Яго сабралі ўручную карабельныя майстры італьянскай фірмы Antico Cantiere del Legno Aprea пры падтрымцы Міжнароднага дыпламатычнага інстытута.
Човен заняў сваё пастаяннае месца ў экспазіцыі пры ўваходзе ў Ватыканскія музеі, каля падножжа сучаснай спіральнай рампы, так званай Via del Mare — Марскога шляху, уздоўж якой размяшчаюцца каля шасцідзесяці мадэляў чоўнаў з розных частак свету і чорна-белыя фотаздымкі, зробленыя місіянерамі на пачатку ХХ стагоддзя.
Арыгінальнае судна было знойдзена ў Галілейскім возеры, якое яшчэ называюць Тыберыядскім морам, падчас маштабнай засухі, якая была ў Ізраілі ў 1985–1986 гадах.
Калі ўзровень вады ў возеры панізіўся, мясцовыя жыхары змаглі ўбачыць на дне недалёка ад берага фрагменты, якія нагадвалі каркас чоўна.
Структура была перанесена ў Музей Ігаля Алона ў Гінасары і даследавана навукоўцамі. Эксперты датавалі судна канцом І стагоддзя да нашай эры — пачаткам І стагоддзя нашай эры. Яно магло змяшчаць трынаццаць чалавек — гэта значыць, што ў гэтым чоўне мог плаваць Езус са сваімі дванаццацю апосталамі. Месца знаходкі — Галілейскае возера — таксама непарыўна звязана з жыццём і дзейнасцю Збаўцы. Таму знаходку было вырашана назваць «Чоўнам святога Пятра».