30 верасня на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане адбылося перадсінадальнае чуванне «Разам» (Together), падрыхтаванае экуменічнай супольнасцю Тэзэ.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News, чуванне напярэдадні Сіноду Біскупаў па сінадальнасці ўзначаліў Папа Францішак.
Удзел у ім ўзялі кіраўнікі хрысціянскіх канфесій: праваслаўныя Патрыярхі, прадстаўнікі старажытных Усходніх Цэркваў, Англіканскай Царквы, Сусветнай лютэранскай федэрацыі, Старакаталіцкіх Цэркваў і евангельскіх пяцідзясятніцкіх супольнасцей.
Надвячоркам на плошчы Святога Пятра прагучалі малітвы, сведчанні і словы ўдзячнасці: за дар адзінства, за дар іншага чалавека, за дар міру і за дар стварэння. Спевы падчас чування праспявалі хоры з Нігерыі, Сербіі і Украіны.
Хлопцы і дзяўчына з Лівана, Інданэзіі і Славеніі падзяліліся сваім досведам сінадальнага падарожжа.
Даніэла з Калумбіі і Ваэль з Сірыі распавялі пра свой жыццёвы шлях і пра тое, што для іх значыць мір. Прагучала прыпавесць пра Добрага Самараніна, а таксама ўрыўкі з Кнігі Быцця. Разам са словамі падзякі Богу за дар стварэння прагучалі і словы заклапочанасці экалагічным крызісам у яго розных вымярэннях. Пасля гэтага ўдзельнікі Сіноду, моладзь і бежанцы здзейснілі сімвалічны жэст: працягнулі блакітную раку як сімвал справядлівасці і міру, якія ацаляюць і перамагаюць несправядлівасць і насілле.
Перадсінадальную вігілію распачаў Папа Францішак. Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I прачытаў малітву. Прагучалі спевы, малітвы, чытанні ў выкананні прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій.
Восем хвілін прайшлі ў маўчанні. Святы Айцец звярнуўся да прысутных з гаміліяй, у якой звярнуў увагу менавіта на значэнне цішыні і маўчання ў жыцці верніка, у жыцці Касцёла і на шляху хрысціянскага адзінства. Папа нагадаў, што «маўчанне ў касцёльнай супольнасці робіць магчымымі братэрскія зносіны».
Толькі калі мы змаўкаем, каб паслухаць іншых, Святы Дух здольны наблізіць нашыя пункты гледжання.
Больш за тое, маўчанне «дазваляе па-сапраўднаму адрозніваць, уважліва прыслухоўвацца да ўздыханняў Святога Духа, занадта глыбокіх для словаў». Таму Пантыфік заклікаў прысутных на плошчы Святога Пятра прасіць Святога Духа «даць дар слухання» ўдзельнікам маючага адбыцца Сінода.
Праўда «не мае патрэбы ў гучных крыках, каб дастукацца да сэрцаў людзей», — сказаў Святы Айцец, таму вернікам трэба «вызваліцца ад вялікага шуму», каб пачуць голас Бога. «Бо толькі ў нашым маўчанні гучыць Яго Слова». Па словах Папы, маўчанне неабходнае і для дасягнення хрысціянскага адзінства, таму што яно «мае фундаментальнае значэнне для малітвы, а экуменізм пачынаецца з малітвы».
«Чым больш мы разам звяртаемся да Пана ў малітве, тым больш адчуваем, што менавіта Ён ачышчае і аб'ядноўвае нас, пераадольваючы нашыя адрозненні»,
— падкрэсліў Папа Францішак, завяршыўшы гамілію малітвай аб тым, каб мы былі «бліжэй да Хрыста» і «больш згуртаванымі паміж сабой».
Напрыканцы чування на прыступкі перад базылікай быў апушчаны Крыж, каб усе ахвотныя маглі падысці і памаліцца каля яго, даручыўшы Хрысту свае ўласныя беды, а таксама пакуты свету.