Пошук

24.07.2023 17:34   Vatican News
Папа Францішак размаўляе са 100-гадовай Лучылай Макэллі пасля Імшы з нагоды Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей. Фота: AFP

Не забывацца пра бабуль, дзядуль і пажылых людзей, расці з імі разам заклікаў Папа Францішак падчас святой Імшы, якая ў нядзелю 23 ліпеня цэлебравалася ў ватыканскай базіліцы святога Пятра.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у Эўхарыстыі бралі ўдзел каля вастмі тысяч вернікаў, сярод іх шматлікія пажылыя людзі, бабулі і дзядулі з дзецьмі і ўнукамі, пастаяльцы дамоў састарэлых, старэйшыя асобы, якія ўдзельнічаюць у жыцці Касцёла.

У гаміліі Святы Айцец нагадаў, што Езус распавядае нам пра Валадарства Божае з дапамогай прыпавесцяў: простых апавяданняў, якія даходзяць да сэрца кожнага слухача.

Вобразная мова гэтых аповедаў нагадвае мову бабуль і дзядуль, якія, трымаючы ўнукаў на каленях, перадаюць ім жыццёвую мудрасць.

У Трэці Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей Папа Францішак прапанаваў перачытаць тры евангельскія прыпавесці, аб’яднаныя тэмай сумеснага росту.

Пшаніца і каласоўнік растуць разам

Першая прыпавесць пра пшаніцу і каласоўнік, якія растуць разам на адным полі (Мц 13, 24–30), дапамагае нам рэалістычна зірнуць на гісторыю чалавецтва, памятаючы, што ў жыцці кожнага чалавека святло і цень, любоў і эгаізм, дабро і зло «пераплецены да такой ступені, што здаюцца непадзельнымі», — зазначыў Папа.

На пытанне аб тым, як паводзіць сябе, калі мы бачым, што ў свеце суіснуюць пшаніца і каласоўнік, Езус дае адказ: пакінуць «расці разам тое і другое аж да жніва» (Мц 13, 30). Такім чынам, Бог заклікае нас праяўляць цярплівасць і міласэрнасць ў адносінах да іншых у сям’і, Касцёле і грамадстве, заўсёды памятаць, што канчатковая перамога над злом — гэта, па сутнасці, праца Бога. А мы, пераадольваючы спакусу аддзяліць пшаніцу ад каласоўніка, закліканыя высветліць, як і калі лепш дзейнічаць, — сказаў Святы Айцец.

На думку Папы Францішка, пажылыя людзі, бабулі і дзядулі прайшлі доўгі жыццёвы шлях, у іх за плячыма шмат выдатных дасягненняў, але таксама і паразы, памылкі. Сёння Пан прапануе нам адмовіцца ад шкадавання і раскаяння і паглядзець на добрае зерне, якое прарасло на жыццёвым шляху.

«Старасць — гэта благаслаўлёны час, час прымірэння, час упэўненай надзеі на тое, што добрае зерне, пасеянае Богам, пераможа каласоўнік, якім д’ябал хацеў забрудзіць нашыя сэрцы», — лічыць Святы Айцец.

Неабходны новы саюз моладзі і пажылых

У другой прыпавесці Езус параўноўвае Валадарства Нябеснае з гарчычным зернем. Калі гэтае зерне вырасце, яно «бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздуюцца ў галінах яго» (Мц 13, 32). Мы таксама прыходзім у свет маленькім насеннем, потым сталеем, сілкуемся надзеямі, рэалізуем праекты і мары, самая прыгожае з якіх — жыць не для сябе, а для іншых, даваць цень і месца для гнязда, як тое старое дрэва, — зазначыў пастыр паўсюднага Касцёла.

На яго думку, бабулі і дзядулі нагадваюць прыгожыя пышныя дрэвы, у якіх дзеці і ўнукі звіваюць свае гнёзды.

Нам патрэбны новы саюз моладзі і пажылых людзей, каб у плённым абмене спазнаць прыгажосць жыцця, пабудаваць братэрскае грамадства, стварыць у Касцёле ўмовы для дыялогу паміж традыцыямі і навізной Святога Духа.

Расці і рухацца наперад разам

Нарэшце, у трэцяй прыпавесці змешваюцца і растуць разам закваска і мука (Мц 13, 33). Дзеяслоў змешвацца азначае сумеснае жыццё, сустрэчы, абдымкі, выхад па-за межы свайго «я», каб далучыцца да іншых (Evangelii gaudium, 87). Усё гэта перамагае індывідуалізм і эгаізм, дапамагае нам стварыць больш чалавечны і братэрскі свет, — заўважыў Папа Францішак.

Такім чынам, Слова Божае заклікае нас не маргіналізаваць старэйшых, не забывацца пра пажылых, не дазваляць рынку аднесці іх да «непрадукцыйных адкідаў», каб не здарылася так, што, апантана пераследуючы міфы аб эфектыўнасці і прадукцыйнасці, мы сталі няздольнымі запавольвацца і суправаджаць тых, хто з усіх сіл спрабуе не адставаць. «Калі ласка, давайце змешвацца і расці разам», — заахвоціў вернікаў Святы Айцец.

«Давайце слухаць, размаўляць, падтрымліваць адзін аднаго. Давайце не забывацца пра бабуль, дзядуль і пажылых: іх пяшчота не раз уздымала нас, вяртала на шлях, дазваляла адчуць сябе любімымі», — нагадаў Папа, дадаўшы, што мы не можам выкрэсліць старых са спісу нашых прыярытэтаў, таму што яны ахвяравалі сабой дзеля нас. «Давайце расці разам, рухацца наперад разам, і няхай Пан Бог благаславіць наш шлях», — завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.

Абноўлена 24.07.2023 17:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа