Пошук

29.06.2023 00:24   Catholic.by

28 чэрвеня ў Мінск прыбыў Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, якога Святы Айцец Папа Францішак прызначыў сваім спецыяльным пасланнікам (Легатам) на ўрачыстасцях з нагоды 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Высокага госця, які прыбыў у Беларусь у суправаджэнні асабістага сакратара айца Эмануіла Сабадаха OFM, сустрэў Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч. У Апостальскай нунцыятуры папскага Легата прывітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а таксама яго асабісты сакратар ксёндз Юрый Ясевіч, якому 10 гадоў таму ў Гродне арцыбіскуп Гуджэроцці ўдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне.

67-гадовы ватыканскі іерарх добра вядомы беларускім вернікам, паколькі з 2011 па 2015 год быў Апостальскім нунцыем у нашай краіне. У той час ён неаднаразова браў удзел у Будслаўскім фэсце, які ў 2018 годзе быў унесены ЮНЕСКА ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Завяршаючы служэнне ў якасці Апостальскага нунцыя ў Беларусі, арцыбіскуп Гуджэроцці 13 снежня 2015 года спецыяльна прыбыў у Будслаў, каб развітацца з Маці Божай у Яе цудадзейным абразе.

Цяпер, амаль праз сем гадоў, іерарх, які з лістапада мінулага года ўзначальвае Дыкастэрыю па справах Усходніх Касцёлаў, зноў наведае Будслаў.

Гэтым разам ужо ў якасці Легата, або спецыяльнага пасланніка Папы Францішка на юбілейных урачыстасцях з нагоды 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, якія пройдуць у Нацыянальным санктуарыі 30 чэрвеня і 1 ліпеня.

Раней у Будслаўскім фэсце ў якасці спецыяльных папскіх пасланнікаў бралі ўдзел тагачасны Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран у 2013 годзе з нагоды 400-годдзя з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе і арцыбіскуп Венскі кардынал Крыстаф Шонбарн ОР у 2016 годзе з нагоды 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай Мітраполіі.

Абноўлена 29.06.2023 11:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця