Традыцыйны Будслаўскі фэст, унесены ЮНЕСКА ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, сёлета адбудзецца 30 чэрвеня – 1 ліпеня.
Урачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў год юбілею 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай па рашэнні беларускага каталіцкага епіскапату пройдуць пад дэвізам «Марыя — Каралева Беларусі». У межах падрыхтоўкі да юбілею па ініцыятыве Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага праводзілася «Вялікая навэнна»: пачынаючы з 1 кастрычніка 2022 года, на працягу дзевяці першых субот месяца ў Нацыянальным санкутарыі адбываліся малітоўныя сустрэчы з удзелам каталіцкіх іерархаў Беларусі.
У юбілейных урачыстасцях у якасці спецыяльнага пасланніка (легата) Папы Францішка возьме ўдзел Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
Праграма фэсту
- 30 чэрвеня, пятніца
- 14.00 – 17.00 — сустрэча і прывітанне пілігрымаў
- 18.00 — святая Імша (цэлебруе Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч)
- 20.00 — Акафіст у выкананні хору Грэка-Каталіцкай Царквы
- 20.30 — Марыйныя нешпары
- 21.00 — Крыжовы шлях
- 22.30 — тэматычная канферэнцыя «Каранацыя абраза Маці Божай Будслаўскай»
- 23.30 — працэсія са свечкамі і копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай
- 0.00 – святая Імша (Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі)
- 1 ліпеня, субота
- 2.00 — Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту
- 7.00 — Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі
- 8.00 — святая Імша (цэлебруе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч)
- 9.00 — Фацімскі ружанец
- 10.00 — сустрэча Папскага легата арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, узнагароджанне ўдзельнікаў конкурсу «Марыя ў маім сэрцы»
- 11.00 — святая Імша і Эўхарыстычная працэсія (цэлебруе Папскі легат арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці)
- На працягу ўсяго фэсту — ушанаванне вернікамі абраза Маці Божай Будслаўскай (базыліка).
Перад фэстам для ўдзелу ва ўрачыстасцях у Нацыянальтным санктуарыі ў Будслаў скіруюцца шматлікія пілігрымы з розных мясцін Беларусі. Інфармацыя пра арганізаваныя пілігрымкі падаецца на партале Catholic.by.