27 ліпеня, на 85-м чарговым пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, было абмеркавана пытанне святкавання 25-годдзя з дня каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай Папскімі каронамі, якое будзе адзначацца ў 2023 годзе.
Біскупы выбралі тэму ўрачыстасцяў, якія пройдуць у наступным годзе ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе: «Марыя — Каралева Беларусі». Іерархі таксама абмеркаавалі папярэдні план урачыстасці «Будслаў 2023» і тое, што будзе яму папярэднічаць.
Такім чынам, у Касцёле на Беларусі з кастрычніка распачнецца агульнанацыянлаьная падрыхтоўка да святкавання юбілею.
Запланавана правядзенне адмысловай навэнны на працягу дзевяці месяцаў, у межах духоўнай падрыхтоўкі Будслаўскім санктуарыі пройдуць шматлікія набажэнствы. Асаблівы акцэнт у гэтым будзе зроблены на першыя суботы месяца.
2 ліпеня 1998 года цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай быў каранаваны папскімі каронамі. Урачысты абрад здзейсніў тагачасны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк. Брэве папы Яна Паўла ІІ аб каранацыі абраза было выдадзена ў Рыме 7 чэрвеня 1995 года.
У ім, між іншым, сказана:
«Найсвяцейшая Панна Марыя — вобраз Касцёла, Зорка ранiшняя адроджанага праз ласку роду чалавечага, прыклад i трывалая надзея для ўсiх, хто iмкнецца да Нябеснага Валадарства, святло ўсходу. Таму на працягу стагоддзяў Касцёл няспынна выпрошваў дапамогу Мацi Божай і гучна праслаўляў Яе цноты.
Паколькi шаноўны Наш Брат кардынал Казiмiр Свёнтэк, арцыбiскуп Мiнска-Магiлёўскi, лiстом ад 29 сакавiка, у якiм змешчаны просьбы духавенства i вернiкаў, выказвае пажаданне, каб ад Нашага iмя i Нашай уладай шляхетная карона магла быць ускладзена на адораны ласкамi абраз Багародзiцы, якi ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Унебаўзятай у мястэчку Будслаў карыстаецца глыбокаю пашанаю, Мы хочам да гэтай пабожнай просьбы добразычлiва аднесцiся.
Таму, беручы пад увагу ўсё тое, чым Кангрэгацыя Божага Культу i Дысцыпліны Сакрамэнтаў сілаю атрыманых ад Нас паўнамоцтваў у гэтай справе валодае, моцаю Нашай апостальскай улады дазваляем іерарху, якi нас просiць, каб на вышэйзгаданы абраз ад Нашага iмя i Нашаю ўладаю ён урачыста ўсклаў каштоўную карону. Маем моцную надзею, што марыйны культ сярод людзей паўплывае на ўзрастанне веры i хрысцiянскага жыцця», — сказана ў брэве папы Яна Паўла ІІ.
Каранацыю здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк. У святой Імшы, падчас якой адбылася каранацыя абраза, удзельнічалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі, біскуп Аляксандр Кашкевіч з Гродна, біскуп Максімільян Дубраўскі з Каменца-Падольскага (Украіна), а таксама больш за 100 святароў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны.
У прамоўленай гаміліі кардынал Казімір Свёнтэк падкрэсліў вялікае значэнне для Беларусі будслаўскага марыйнага санктуарыя на працягу ўсёй гісторыі яго існавання. Ён прачытаў папскае брэве аб наданні будслаўскай святыні тытула Базылікі Меншай і абвясціў Маці Божую Будслаўскую Апякункаю і Каралеваю Беларусі.
Кардынал сказаў: «У гэты дзень, 2 ліпеня, ва ўсіх касцёлах на Беларусі будзе адзначацца Яе свята». Пасля акта каранацыі і прачытання акта аддання ён абвясціў будслаўскую святыню Нацыянальным санктуарыем Беларусі.