Пошук

09.06.2023 14:34   Vatican News
Фота: CNS photo / Lola Gomez

Падчас агульнай аўдыенцыі Папы Францішка, якая адбылася 7 чэрвеня, на плошчы святога Пятра ў Ватыкане знаходзіліся рэліквіі святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, дастаўленыя ў Рым з французскага горада Лізьё.

З папскай катэхезай, прамоўленай у гэты дзень, знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Цудоўна, што гэта адбываецца ў той час, калі мы разважаем пра евангелізацыйную руплівасць, пра апостальскі запал», — сказаў Папа Францішак, нагадаўшы, што святая Тэрэза нарадзілася 150 гадоў таму. З нагоды юбілею Святы Айцец мае намер прысвяціць ёй адмысловы Апостальскі ліст.

Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса з’яўляецца апякункай місійнай дзейнасці, але ніколі не была на місіях. Яна была сястрой у кармэліцкім ордэне, а яе жыццё было пазначана маленькасцю і слабасцю: сама святая называла сябе «маленькай пясчынкай». Маючы слабое здароўе, яна памерла ў 24-гадовым узросце, аднак мела гарачае і місійнае сэрца, — зазначыў Пантыфік.

У сваім Дзённіку святая Тэрэза распавядала, што хацела стаць місіянеркай, прычым не толькі на пэўны час, а на ўсё жыццё, і дасягнуць самых далёкіх куткоў зямлі.

«Тэрэза была „духоўная сястрой“ розных місіянераў: з кляштара яна суправаджада іх сваімі лістамі, малітвай і рознымі ахвярамі, якія складала за іх. Не прыцягваючы да сябе ўвагі, яна заступалася за місіі, як рухавік, які, будучы схаваным, дае аўтамабілю сілу, каб рухацца», — заўважыў Папа Францішак.

Святую часта не разумелі іншыя сёстры, ад якіх ёй даводзілася атрымліваць «больш церняў, чым ружаў». Але яна ўсё прымала з любоўю, цярплівасцю, ахвяруючы, разам з хваробай, таксама асуджэнні і незразуменне, з якімі сутыкалася. «І рабіла гэта з радасцю, дзеля патрэбаў Касцёла», — дадаў Папа.

Гаворачы пра вытокі місійнай сілы і радасці заступніцтва святой Тэрэзы з Лізьё, Святы Айцец нагадаў пра два выпадкі з яе жыцця. Першы адносіўся да дзяцінства будучай святой. Вярнуўшыся з начной Імшы на Божае Нараджэнне ў 1886 годзе, яна засмуцілася тым, што яе бацька, вельмі стомлены, не хацеў адкрываць разам калядныя падарункі. Тэрэза спачатку пайшла ў свой пакой, дзе заплакала ад горычы, але потым выцерла слёзы, вярнулася назад і сама пачала весяліць свайго бацьку.

«У тую ноч, калі Езус стаў слабым з любові, яна стала моцнай духам: у адзін момант яна выйшла з вязніцы свайго эгаізму і наракання; яна пачала адчуваць, што „любоў уваходзіла ў яе сэрца, з патрэбай забыцца пра саму сябе“. З таго часу яна скіравала свой запал на іншых, каб знайшлі Бога, і замест таго, каб шукаць суцяшэння для сябе, вырашыла „суцяшаць Езуса, рабіць Яго любімым душамі“, бо, — заўважала Тэрэза — „Езус — хворы на любоў <…>, а хвароба любові лечыцца любоўю“», — працытаваў словы святой пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён падкрэсліў, што гэтая руплівасць святой Тэрэзы была скіравана ў першую чаргу да грэшнікаў, да людзей «далёкіх». У сувязі з гэтым Папа згадаў іншы эпізод з яе жыцця, звязаны з яе гарачай малітвай за злачынцу, забойцу трох чалавек, Анры Пранцыні, які быў асуджаны да смяротнага паракарання на гільяціне, але адмаўляўся прыняць суцяшэнне веры. Святая прыняла гэта блізка да сэрца і пачала моцна маліцца аб яго навяртанні, каб праз пакаянне ён стварыў месца ў душы для Божай Міласэрнасці, якой яна сама глыбока давярала.

Пасля выканання смяротнага прысуду, Тэрэза прачытала ў газеце, што перад смерцю, «ахоплены раптоўным азарэннем, ён [асуджаны] абярнуўся, выхапіў працягнутае яму святаром Укрыжаванне і тройчы пацалаваў святыя раны» Езуса. «А потым душа яго адышла, каб атрымаць міласэрны прысуд Таго, хто кажа, што на Небе больш радасці аб адным грэшніку, які каецца, чым аб дзевяноста дзевяці праведніках, якія не маюць патрэбы ў пакаянні», — нагадаў Папа Францішак словы з успамінаў святой.

Пантыфік падкрэсліў, што, гледзячы на кароткае жыццё святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, мы бачым, што «місіянер — гэта кожны, хто жыве як прылада Божай любові». Гэта кожны, хто робіць усё, што ў яго сілах, каб праз Яго сведчанне, малітву і заступніцтва Езус мог прыйсці да чалавека.

«Касцёл больш, чым мноства сродкаў, метадаў і структур, якія часам адцягваюць увагу ад істотнага, патрабуе такіх сэрцаў, як сэрца Тэрэзы, якія прыцягваюць да любові і набліжаюць да Бога», — сказаў Папа Францішак, заклікаўшы маліцца аб ласцы перамогі над уласным эгаізмам і аб гарачым жаданні заступацца за людзей, каб пазнавалі і любілі Езуса.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа