Пошук

30.05.2023 15:39   Vatican News
Выява: famigliacristiana.it

29 мая быў апублікаваны новы дакумент ватыканскай Дыкастэрыі па камунікацыі пад назвай «Насустрач поўнай прысутнасці», у якім прапануецца душпастырскае разважанне аб узаемадзеянні людзей у лічбавай сферы.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэты дакумент натхнёны прыпавесцю пра Добрага Самараніна і мае на мэце распачаць сумесную рэфлексію для папулярызацыі культуры «міласэрнага бліжняга» ў лічбавай сферы.

У кантэксце сацыяльных сетак, дзе людзі часта з’яўляюцца і спажыўцамі, і таварам, гэтае душпастырскае разважанне з’яўляецца пошукам адказу, заснаванага на веры.

Гэты пошук пачынаецца з распазнання стымулаў, якія мы атрымліваем, і ўважлівага слухання. Уважлівасць разам з пачуццём прыналежнасці, узаемнасці і салідарнасці, з’яўляюцца падмуркам для пабудовы пачуцця адзінства, якое, у рэшце рэшт, павінна пашырыць магчымасці мясцовых супольнасцяў, дазваляючы ім стаць рухавікамі перамен.

Становячыся «ткачамі камуніі» праз творчасць любові, мы можам прадбачыць новыя мадэлі, заснаваныя на даверы, празрыстасці і інклюзіўнасці, вучыцца прысутнічаць у стылі Бога і несці знак сведчання.

Дакумент вызначае некалькі падводных камянёў, якіх варта пазбягаць пры падарожжы па «лічбавых дарогах»: ад звядзення асобных карыстальнікаў да спажыўцоў і тавараў да стварэння «індывідуалістычнай прасторы», якая скіравана выключна на аднадумцаў і можа выклікаць экстрэмальныя паводзіны. У падарожжы па сеткавым асяроддзі многія спазналі маргіналізацыю і пакуты. Перад хрысціянамі гэта ставіць пытанне, якім чынам мы можам зрабіць лічбавую экасістэму месцам абмену, супрацоўніцтва і прыналежнасці на аснове ўзаемнага даверу.

Чалавек становіцца бліжнім у асяроддзі сацыяльных сетак, калі ў ім узнікае гатоўнасць выслухаць, ведаючы, што тыя, каго ён сустракае у інтэрнэце, з’яўляюцца рэальнымі людзьмі.

У нашым лічбавым падарожжы мы можам сустрэць іншых або ў духу абыякавасці, або ў духу падтрымкі і сяброўства, — адзначаецца ў новым дапаможніку. У апошнім выпадку мы, якія часам бываем Добрымі Самаранамі, а часам — параненымі, можам пачаць дапамагаць загойваць раны, створаныя таксічным лічбавым асяроддзем. Нам трэба аднавіць лічбавую прастору, каб яна стала больш чалавечнай і здаровай.

Хрысціяне прыўносяць у сацыяльныя сеткі своеасаблівы стыль: стыль дзялення, крыніцай якога з’яўляецца Хрыстус, які палюбіў нас і аддаў сябе за нас сваімі словамі, учынкамі, душой і целам. Ён вучыў нас, што праўда адкрываецца ў камуніі і што камунікацыя таксама вынікае з камуніі, гэта значыць з любові, — звяртаюць увагу аўтары дакумента.

Прысутнасць хрысціянаў у лічбавай рэальнасці павінна насіць характар сведчання. Іх выпадковыя сустрэчы ў сацыяльных сетках павінны стаць сустрэчамі з бліжнім, жыццё якога іх хвалюе, і, такім чынам, сустрэчамі з Панам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.