22 лютага быў запушчаны новы інтэрнэт-сайт «Ад турыста да пілігрыма», які дае магчымасць інтэрактыўнага знаёмства ў віртуальнай прасторы з чатырма Папскімі базылікамі Рыма.
Як адзначае Польская рэдакцыя парталу Vatican News, старонка была створана на падставе досведу пілігрымкі 16-і маладых людзей, якія дзейнічаюць у СМІ ў межах праекту, падрыхтаванага Дыкастэрыяй па камунікацыі.
Мэта новага сайту — наблізіць культурную спадчыну маладому пакаленню, таксама ў сувязі з набліжэннем Юбілею 2025 года.
Па прызнанні ўдзельнікаў праекта, «наведванне рымскіх базылік кранае сэрца. Некаторыя з нас падчас наведвання зразумелі штосьці сапраўды важнае ў сваім жыцці», — падкрэслілі маладыя людзі ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Цяпер яны хочуць, каб іншыя маглі перажыць падобны вопыт з дапамогай віртуальнай прасторы.
Распрацоўнікі сайта прапанавалі фармат стала, пры якім сабраліся вядомыя асобы. Гаворка ідзе пра тых, хто ўвайшоў у гісторыю базылік. Яны гатовыя падзяліцца сваімі гісторыямі. Наведвальнікі сайта сустрэнуцца на ім як са святымі Пятром і Паўлам, так і з архітэктарам Джаванні Ларэнцо Бэрніні і славутым Мікеланджэла.
Акрамя сайта, з 27 лютага будзе запушчаны таксама падкаст. Дзякуючы абедзвюм формам перадачы можна паглядзець на Папскія базылікі ў Рыме таксама вачыма мастацтвазнаўцаў, археолагаў ці манахаў, якія нясуць у іх служэнне.
«Гэтыя кароткія [аўдыёвізуальныя] наведванні маюць на мэце паказаць схаваную прыгажосць Рыма, якая праяўляецца праз прызму пілігрымкі», — напісалі маладыя ўдзельнікі праекту. Гэта можа стаць асаблівай дапамогай у тым, каб лепш перажыць Юбілейны год, які набліжаецца.
Сайт «Ад турыста да пілігрыма» даступны на англійскай, іспанскай, італьянскай, нямецкай, партугальскай і французскай мовах ТУТ>>>