Пошук

26.05.2023 14:02   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: thenation.com

Пакласці канец бессэнсоўнай вайне супраць навакольнага асяроддзя і зрабіць мужныя крокі, каб справядлівасць і мір разліліся па Зямлі, заклікаў Папа Францішак у Пасланні на Сусветны дзень малітваў аб ахове стварэння, які будзе адзначацца 1 верасня.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у гэты дзень таксама распачнецца экуменічная ініцыятыва Час для стварэння пад дэвізам «Няхай разальюцца справядлівасць і мір», якая будзе праходзіць да 4 кастрычніка — дня літургічнага ўспаміну святога Францішка Асізскага.

У абнародаваным 25 мая Пасланні Пантыфік перадусім нагадаў пра адмоўныя з’явы, якія прыводзяць да дэградацыі нашага супольнага дома, падкрэсліўшы, што «драпежнае спажывальніцтва, якое падпітваецца эгаістычнымі сэрцамі, парушае кругазварот вады на планеце», а «нястрымнае выкарыстанне выкапнёвага паліва і высечка лясоў уплываюць на павышэнне тэмпературы і выклікаюць моцныя засухі».

Папа Францішак заўважыў, што, нягледзячы на «жахлівы дэфіцыт» водных рэсурсаў, прамысловыя прадпрыемствы працягваюць «вычэрпваць і забруджваць крыніцы пітной вады з дапамогай экстрэмальных метадаў, такіх як гідраўлічны разрыў пласта для здабычы нафты і газу, некантраляваныя праекты мегаздабычы і інтэнсіўная жывёлагадоўля».

Перад абліччам гэтага сцэнару, які цяпер, на жаль, вядомы ўсім, перад абліччам памнажэння знешніх і ўнутраных пустынь, неабходна «з’яднаць высілкі і зрабіць адважныя крокі, каб справядлівасць і мір разліліся па ўсёй Зямлі», — перакананы Святы Айцец.

Пастыр паўсюднага Касцёла адзначыў, што для будавання больш справядлівага свету патрэбныя не словы, а канкрэтныя ўчынкі; неабходна, каб «кожны чалавек быў справядлівым у кожнай сітуацыі, ставячы на першае месца адносіны з Богам, бліжнім і прыродай»; неабходна «экалагічнае навяртанне», якое пачынацца з сэрца чалавека і распаўсюджвацца на ўсе сферы жыцця.

«Мы павінны адважыцца змяніць нашыя сэрцы, наш лад жыцця і дзяржаўную палітыку, якая кіруе нашымі грамадствамі», — падкрэсліў Пантыфік. Ён патлумачыў, што «галоўным полем бітвы» тут з’яўляецца чалавечае сэрца: «неабходна аднавіць адносіны са стварэннем, не лічыць яго рэсурсам для эксплуатацыі, але ахоўваць як святы дар Стварыцеля», а таксама практыкаваць павагу да экалогіі на чатырох шляхах: павагі да Бога, нашых бліжніх, сучасных і будучых, да ўсёй прыроды і саміх сябе.

Папа Францішак таксама адзначыў фундаментальную патрэбу ў змене ладу жыцця: «неабходна менш адкідаў і непатрэбнага спажывання, асабліва там, дзе вытворчыя працэсы таксічныя і няўстойлівыя». У той жа час трэба «больш умеркаванасці, якая перажываецца з радасцю, больш умеркаванага выкарыстання рэсурсаў, утылізацыі і перапрацоўкі адкідаў, выкарыстання экалагічна і сацыяльна адказных прадуктаў і паслуг».

Неабходна пакаянне ў «экалагічных грахах», ад якіх пакутуе не толькі навакольнае асяроддзе, але таксама нашы браты і сёстры, — дадаў Папа.

Гаворачы пра важнасць змен палітычнага характару, Святы Айцец заклікаў сусветных лідараў, якія з 30 лістапада да 12 снежня 2023 года возьмуць удзел у канферэнцыі па клімаце COP28 у Дубаі, пачуць голас навукі і распачаць хуткі і справядлівы пераход, каб пакласці канец эры выкапнёвага паліва.

Папа заўважыў, што, згодна з абавязацельствамі па стрыманні глабальнага пацяплення, акрэсленымі Парыжскай дамовай па клімаце, «неразумна дазваляць працягваць выведку і пашырэнне інфраструктуры выкапнёвага паліва».

«Давайце ўздымем наш голас, каб спыніць гэтую несправядлівасць у адносінах да бедных і нашых дзяцей, якія сутыкнуцца з найгоршымі наступствамі кліматычных змен», — заклікаў Пантыфік.

Ён звярнуўся да рэлігійных супольнасцяў з заклікам дзейнічаць і маліцца разам, каб наш супольны дом зноў стаў багатым жыццём, а пустыня ператварылася ў сад. «Як рака з’яўляецца крыніцай жыцця для навакольнага асяроддзя, так і наш сінадальны Касцёл павінен быць крыніцай жыцця для супольнага дома і ўсіх, хто насяляе яго. І як рака дае жыццё разнастайным відам жывёл і раслін, так і сінадальны Касцёл павінен даваць жыццё, сеючы справядлівасць і мір у кожным месцы, якога дасягае», — напісаў у сваім Пасланні Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця