На агульнай аўдыенцыі, якая 17 мая прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангелізацыйнай руплівасці і апостальскаму запалу.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у сваёй катэхезе на гэтую тэму Пантыфік заўважыў, што ў нашыя дні ёсць шмат місіянераў, якія выпраўляюцца ў далёкія краіны, каб абвяшчаць Евангелле, а адным з іх апекуноў з’яўляецца Францішак Ксавэрый: «вялікі місіянер» і «апякун місій».
Будучы святы нарадзіўся ў збяднелай арыстакратычнай сям’і ў Навары, што на поўначы Іспаніі, у 1506 годзе. Ён скіраваўся вучыцца ў Парыж, дзе пазнаёміўся з Ігнацыем Лаёлам і перажыў досвед духоўнага навяртання, у выніку якога вырашыў пакінуць мары пра добрую кар’еру і стаць місіянерам, адправіўшыся насустрач новаму і незнаёмаму свету, адкрытаму на Усходзе.
Францішак Ксавэрый стаў «першым з вялікага мноства руплівых місіянераў, гатовых адказаць на вялізныя цяжкасці і небяспекі, дасягнуць гэтых земляў і сустрэць незнаёмыя народы і культуры».
Пантыфік падкрэсліў, што ім кіравала моцнае жаданне знаёміць людзей з Езуса Хрыстом і Яго Евангеллем. Святы часта здзяйсняў доўгія і небяспечныя марскія падарожжы, вандруючы па рэгіёне, і правёў на караблях больш за тры з паловай гады з адзінаццаці гадоў сваёй місіянерскай дзейнасці.
Прыбыўшы ў Гоа і заснаваўшы там сваю рэзідэнцыю, місіянер не сядзеў на месцы: ён евангелізаваў бедных рыбакоў, катэхізаваў і вучыў малітвам дзяцей, хрысціў і клапаціўся пра хворых. Потым, падчас начной малітвы на магіле апостала Барталамея, ён адчуў, што павінен адправіцца далей за Індыю: пакінуўшы ў добрыя рукі працу, якую распачаў, ён скіраваўся на Малукскія астравы, самую далёкую частку інданезійскага архіпелагу, дзе на працягу двух гадоў ствараў хрысціянскія супольнасці, пераклаў на мясцовую мову Катэхізіс і нават навучыў людзей спяваць яго.
У 1548 годзе місіянер пісаў:
«Небяспекі і пакуты, прынятыя добраахвотна і выключна з любові да Бога і для служэння Богу, нашаму Пану, з’яўляюцца скарбамі, багатымі на вялікія духоўныя суцяшэнні. Тут за некалькі гадоў можна было згубіць вочы ад столькіх слёз радасці!» «Ён плакаў, бачачы Божую справу», — падкрэсліў Папа.
Маючы «апостальскую няўрымслівасць», Францішак Ксавэрый скіраваўся ў Японію, «дзе не было яшчэ ніводнага еўрапейскага місіянера». Там ён правёў тры гады, якія былі цяжкімі для яго ў сувязі з кліматам, супрацівам і няведаннем мовы. «Але таксама і там пасеянае зерне прынясе плён», — сказаў Святы Айцец.
Францішак Ксавэрый марыў заняцца місіянерскай дзейнасцю ў Кітаі, самай важнай краіне рэгіёна, але гэтай яго задуме не было накаванага споўніцца: ён «памёр на маленькім востраве Санц’ян, дарэмна чакаючы магчымасці высадзіцца на мацерыку каля Кантона». Гэта было 3 снежня 1552 года, калі місіянеру было 46 гадоў, — нагадаў Папа, падкрэсліўшы, што, няглядзячы на малады ўзрост, «яго валасы ўжо былі сівыя, яго сілы былі вычарпаны, да канца аддадзены служэнню Евангеллю».
Пантыфік заўважыў, што інтэнсіўная дзейнасць святога Францішка Ксавэрыя была «заўсёды злучана з малітвай, была еднасцю з Богам, містычнай і сузіральнай». «Ён ніколі не пакідаў малітву, бо ведаў што ў ёй знаходзіцца сіла», а таксама заўсёды знаходзіўся побач з хворымі, беднымі і дзецьмі.
«Любоў Хрыста была той сілай, якая дазваляла яму дасягнуць самых далёкіх межаў, пераадольваючы цяжкасці і пастаянныя небяспекі, няўдачы, расчараванні і адчай, даючы суцяшэнне і радасць у наследаванні Хрыста і служэнні Яму да канца», — падкрэсліў Святы Айцец.