Пошук

02.05.2023 20:19   Vatican News
Кардынал Жан-Клод Ольрыш. Фота: CNS/Paul Haring

Галоўны рэлятар Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў кардынал Жан-Клод Ольрыш кардынал, арцыбіскуп Люксембуржскі, крытычна выказаўся адносна формы падзелу ўлады ў Каталіцкім Касцёле, да якой імкнецца так званы «сінадальны шлях» — ініцыятыва каталіцкіх іерархаў у Германіі.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у інтэрв’ю італьянскаму выданню Corriere della Sera ад 27 красавіка кардынал Ольрыш заўважыў, што нямецкі «сінадальны шлях» з самага пачатку ішоў у кірунку, адрозным ад агульнага Сінадальнага працэсу, абвешчанага Папам. У Германіі казалі пра падзел улады ў Касцёле. Аднак Касцёл, на думку высокага прэлата, — гэта не ўлада, а служэнне.

«Калі служэнне ператворыцца ва ўладу, узнікне праблема. Правільная пастаноўка пытання не ў тым, як падзяліць уладу, а ў тым, што зрабіць, каб вярнуцца да паслуг і служэння», — сцвердзіў арцыбіскуп Люксембуржскі.

Яшчэ адным недахопам нямецкай ініцыятывы ён лічыць тое, што яна недастаткова ўлічвае агульны Сінадальны працэс Паўсюднага Касцёла. «Мы павінны ісці разам як Каталіцкі Касцёл і не казаць: „Мы зробім па-свойму, а потым паглядзім, што зробіце вы“», — сцвердзіў кардынал.

У кантэксце XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, якая распачнецца ў Рыме ў кастрычніку, кардынал Ольрыш заявіў, што гаворка пойдзе «не пра гомасексуалізм і пасвячэнне жанчын, а пра супольнасць, удзел і місію». «Гэта тэма Сінода, і гэтага дастаткова», — заявіў іерарх, якога Папа Францішак прызначыў генеральным рэлятарам Асамблеі. На гэтай пасадзе ён будзе каардынаваць яе тэмы.

У межах нямецкага «сінадальнага шляху», платформы для дыялогу ў мэтах рэформы, біскупы і прадстаўнікі свецкіх абмеркавалі ў перыяд з 2019 па 2023 год будучыню Касцёла ў сваёй краіне. Зыходным пунктам стаў даўні крызіс Касцёла ў Германіі.

Былі вызначаны чатыры асноўныя кірункі дэбатаў: сексуальная мараль, формы жыцця святароў, улада і яе размеркаванне, а таксама роля жанчын у Касцёле.

Для кожнай з гэтых тэм была створана рабочая група, у якую ўвайшлі ўдзельнікі і эксперты.

Абноўлена 02.05.2023 20:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.