5 красавіка быў абнародаваны Апостальскі ліст Папы Францішка ў форме motu proprio, якім змяняецца сістэма карных санкцый у Кодэксе Усходніх Касцёлаў.
Як адзначае Беларуская рэдакця парталу Vatican News, змены, якія ўжо адбыліся ў Кодэксе кананічнага права Касцёла лацінскага абраду ў 2021 годзе, цяпер будуць унесеныя і ў Кодэкс Усходніх Цэркваў з улікам асаблівасцяў іх права.
Апостальскі ліст Vocare peccatores у форме motu proprio, падпісаны 20 сакавіка 2023 года, ва ўрачыстасць святога Юзафа, і апублікаваны ў мінулую сераду, рэфармуе крымінальнае права Усходніх Касцёлаў, прыводзячы яго ў адпаведнасць з Кодэксам кананічнага права Касцёла лацінскага абраду, з улікам асаблівасцяў усходняга права.
Новыя нормы набудуць сілу 29 чэрвеня 2023 года.
У 2021 годзе Апостальскай канстытуцыяй Pascite gregem Dei Папа Францішак унёс папраўкі ў VI Кнігу Кодэкса кананічнага права, якая датычыцца карных санкцый у Касцёле. Гэта быў працяг працы, распачатай Бэнэдыктам XVI.
«Каб належным чынам задаволіць патрэбы Касцёла ва ўсім свеце, — тлумачыў тады Святы Айцец, — відавочна, што неабходна перагледзець сістэму карных санкцый, уведзеную Янам Паўлам ІІ 25 студзеня 1983 года праз Кодэкс кананічнага права; неабходна змяніць яе, каб пастыры маглі выкарыстоўваць яе як больш гнуткую прыладу збаўлення і выпраўлення з пастырскай міласэрнасцю дзеля прадухілення больш цяжкіх злачынстваў і дзеля загойвання ран, нанесеных чалавечай слабасцю».
Новая VI Кніга Кодэкса кананічнага права Касцёла лапцінскага абраду набыла моц 8 снежня 2021 года.
Папа назваў гэтыя змены «канкрэтнай і незаменнай патрэбай у міласэрнасці не толькі ў адносінах да Касцёла, хрысціянскай супольнасці і магчымых ахвяр, але і ў адносінах да тых, хто здзейсніў злачынства», якія таксама маюць патрэбу ў міласэрнасці з боку Касцёла. У мінулым вялікая шкода была нанесена няздольнасцю ўсвядоміць шчыльную сувязь, якая існуе ў Касцёле паміж ажыццяўленнем міласэрнасці і зваротам да карных санкцый там, дзе таго патрабуюць абставіны і справядлівасць, — тлумачыў Пантыфік.
У Касцёле мэтай пакарання з’яўляюцца аднаўленне справядлівасці, выпраўленне правапарушэння і кампенсацыя шкоды.
Пастыры, якія імкнуцца выправіць паводзіны хрысціянскіх вернікаў, што памыляюцца, такім чынам праяўляюць клопат, — заўважыў Папа ў апошнім сваім Апостальскім лісце.
Сакратар Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў біскуп Хуан Іньясіё Ар’ета падкрэсліў, што «новыя правілы значна больш выразна вызначаюць, калі павінны ўмешвацца касцёльныя ўлады ў выпадку злачынстваў». Яны больш дакладныя, пакаранні больш ясныя, лепш вызначаныя. «Акрамя таго, сістэма карных санкцый Усходніх Касцёлаў прыводзіцца ў адпаведнасць з сістэмай пакаранняў Касцёла лацінскага абраду ў многіх аспектах, такіх як жорсткае абыходжанне з дзецьмі і абарона сакрамэнтаў».