25 студзеня, у свята навяртання святога апостала Паўла, было абнародавана Пасланне Папы Францішка на 97-ы Сусветны дзень місій, які сёлета пройдзе 22 кастрычніка на тэму: «Палаючыя сэрцы, ногі на шляху».
Як заўважае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, тэма сёлетняга Сусветнага дня місій заснавана на евангельскім апавяданні пра сустрэчу на дарозе ў Эмаус (гл. Лк 24, 13–35). Сустрэча з Хрыстом запаліла ў збянтэжаных і расчараваных вучнях жаданне вярнуцца ў Ерузалем і абвясціць аб уваскрасенні Пана. Пра перамену, якая адбылася з апосталамі, евангельскі ўрывак распавядае нам з дапамогай трох яскравых вобразаў.
Па-першае, гаворка ідзе пра іх палаючыя сэрцы, распаленыя Святым Пісаннем. Вяртаючыся з Ерузалема ў Эмаус, вучні былі засмучаныя смерццю Езуса, аднак «Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі» (Лк 24, 15).
«Па сваёй вялікай міласці Ён не стамляецца быць з намі, нягледзячы на нашыя недахопы, сумневы, слабасці; нягледзячы на тое, што роспач і песімізм робяць нас малавернымі, неразумнымі і маруднымі сэрцам (Лк 24, 25), — гаворыцца ў пасланні Папы. — Місія несці добрую навіну належыць Хрысту, а мы проста Яго пакорныя супрацоўнікі, „нікчэмныя слугі“» (Лк 17, 10).
Святы Айцец выказаў сваю духоўную блізкасць да ўсіх місіянераў у свеце, асабліва да тых, хто перажывае цяжкія часы: уваскрослы Пан заўсёды з імі, Ён бачыць іх шчодрасць і ахвяраванне дзеля распаўсюджвання Евангелля ў далёкіх кутках свету. «Не ўсе дні нашага жыцця напоўнены сонечным святлом, але будзем заўсёды памятаць словы Езуса: „У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет“(Ян 16, 33)», — сцвердзіў Папа.
Ён нагадаў, што, выслухаўшы вучняў, уваскрослы Езус, «пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго» (Лк 24, 27). Менавіта тады сэрцы вучняў пачынаюць палаць, бо Езус — гэта жывое слова, якое можа запаліць і змяніць сэрца. Без Пана немагчыма глыбока зразумець Святое Пісанне і наадварот: без Святога Пісання застаецца незразумелай місія Хрыста і Яго Касцёла ў свеце. Таму веданне Бібліі вельмі важнае для жыцця хрысціяніна, тым больш для тых, хто абвяшчае Пана і Яго Евангелле. «Хіба халоднае сэрца можа прымусіць палаць іншыя сэрцы?» — запытаў у Пасланні Святы Айцец, выказаўшы пажаданне, каб нас заўсёды суправаджаў уваскрослы Пан, тлумачачы сэнс Святога Пісання.
Другім яскравым вобразам евангельскага апавядання, на думку Папы, з’яўляюцца адкрытыя вочы вучняў, калі яны пазналі Яго за сталом. Езус узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім. Ён сам стаў хлебам, падзеленым з вучнямі; увайшоў у іх сэрцы, прымусіўшы іх палаць яшчэ мацней і зноў адправіцца ў дарогу, каб падзяліцца з усімі ўнікальным досведам сустрэчы з уваскрослым Панам. Таму кожны місіянер закліканы стаць, падобна Езусу, «тым, хто ламае хлеб дзеля міру», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.
«Нават простае ламанне звычайнага хлеба разам з галоднымі ўжо з’яўляецца місіянерскім актам хрысціяніна», — лічыць Святы Айцец. Тым больш гэта датычыцца Эўхарыстычнага хлеба, бо Эўхарыстыя — гэта крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла. Каб прыносіць багаты плён, неабходна знаходзіцца ў адзінстве з Езусам (пар. Ян 15, 4–9) у штодзённай малітве і глыбокай пашане да Эўхарыстыі.
Па-трэцяе, адзначыў Пантыфік, ногі місіянера знаходзяцца на шляху, і ў гэтым — «вечная маладосць Касцёла, які заўсёды выходзіць у свет». Вучні пазналі Езуса падчас ламання хлеба і «у тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем» (Лк 24, 33), каб падзяліцца з іншымі радасцю сустрэчы з Панам.
Вобраз ног на шляху, на думку Папы, нагадвае пра missio ad gentes, даручанай Касцёлу Панам: місіі абвяшчаць Евангелле кожнаму чалавеку і ўсім народам на зямлі.
«Сённяшняе чалавецтва, параненае несправядлівасцю, падзеламі і войнамі, мае патрэбу ў добрай навіне. Кожны чалавек мае права на Евангелле, і хрысціяне абавязаны абвяшчаць яго, нікога не выключаючы», — нагадаў Святы Айцец.
Пантыфік падкрэсліў, што «кожны можа зрабіць свой асабісты ўнёсак у місіянерства: малітвай і дзеяннем, грашовымі ахвяраваннямі, сведчаннем». Гэта, паводле Святога Айца, самая важная мэта Сінадальнага шляху, па якім ідзе Касцёл.
Напрыканцы Паслання Папа Францішак пажадаў вернікам рушыць у дарогу з палаючымі сэрцамі і адкрытымі вачыма, «каб распальваць сэрцы Словам Божым, адкрываць вочы на Езуса і запрашаць усіх ісці разам шляхам міру і збаўлення, які Бог падараваў чалавецтву».