24 студзеня, ва ўспамін святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, па традыцыі было прадстаўлена Пасланне Папы Францішка на 57-ы Сусветны дзень масавай камунікацыі, які ў 2023 годзе будзе адзначацца 21 мая. Яго тэма: «Гаварыць ад сэрца. Застаючыся шчырымі ў любові».
Са зместам папскага паслання знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
«У драматычным кантэксце глабальнага канфлікту, у якім мы жывем, неабходна тэрмінова ўмацаваць добразычлівы стыль камунікацыі.
Нам патрэбныя такія спецыялісты па камунікацыі, якія б спрыялі поўнаму раззбраенню і дэмантажу ваеннага псіхозу, які пасяліўся ў нашых сэрцах», — адзначыў Папа Францішак.
Звяртаючыся перадусім да спецыялістаў у галіне камунікацыі, Папа ў той жа час падкрэсліў, што прыхільнасць да камунікацыі «ад шчырага сэрца і з распасцёртымі абдымкамі» з’яўляецца абавязкам кожнага чалавека: «Мы ўсе пакліканы шукаць і казаць праўду і рабіць гэта з любоўю», — напісаў Святы Айцец.
«Мы павінны баяцца не абвяшчэння ісціны, хоць часам і нязручнай, але таго, каб рабіць гэта без любові, без сардэчнасці. Таму што праграма хрысціяніна, як пісаў Бэнэдыкт XVI, — гэта сэрца, якое бачыць. Сэрца, якое сваім біццём раскрывае ісціну нашага існавання і якое па гэтай прычыне павінна быць пачута. Гэта прыводзіць да таго, што слухач наладжваецца на тую ж хвалю і пачынае адчуваць сваім сэрцам пульсацыю іншага сэрца. Тады можа адбыцца цуд сустрэчы», — гаворыцца ў папскім пасланні.
Камунікаваць ад шчырага сэрца значыць даць магчымасць адчуць «радасці і страхі, надзеі і пакуты жанчын і мужчын нашага часу». Гэта асабліва актуальна ў наш час, схільны да абыякавасці і дэзінфармацыі, якая «фальсіфікуе і інструменталізуе праўду».
Заклік гаварыць ад шчырага сэрца асабліва датычыцца хрысціянаў, з вуснаў якіх «ніколі не павінны зыходзіць дрэнныя словы», але выключна словы, здольныя рабіць дабро і змякчаць нават «самыя зацвярдзелыя сэрцы».
«Мы адчуваем гэта ў грамадскім жыцці, дзе дабрыня — гэта не проста пытанне этыкету, а сапраўднае проціяддзе ад жорсткасці, якая, на жаль, можа атруціць сэрцы і адносіны», — звярнуў увагу Святы Айцец. Ён дадаў, што сродкі масавай інфармацыі павінны не распальваць гнеў і прыводзіць да канфрантацыі, а дапамагаць людзям спакойна разважаць, крытычна і паважліва расшыфроўваць рэальнасць.
Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў журналістаў шукаць натхненне ў «прыемных і павучальных» сачыненнях святога Францішка Сальскага, чыё «лагоднае стаўленне, чалавечнасць, схільнасць да цярплівага дыялогу з усімі, і асабліва з тымі, хто супрацьстаяў яму, зрабілі яго выдатным сведкам міласэрнай любові Бога». «Хіба гэта не тыя рысы, якім павінен адпавядаць артыкул, рэпартаж, трансляцыя або публікацыя ў сацыяльных сетках?» — запытаў Папа Францішак, запрасіўшы журналістаў «шукаць і распавядаць праўду з мужнасцю і свабодай, пазбягаючы спакусы выкарыстання абуральных і агрэсіўных выразаў».
«Я мару аб такой касцёльнай камунікацыі, якая б кіравалася Духам Святым, была б добрай і ў той жа час прароцкай, якая б умела знайсці новыя формы і спосабы абвяшчэння цудоўнай навіны, якую яна паклікана несці ў трэцяе тысячагоддзе. Аб камунікацыі, якая ставіць у цэнтр адносіны з Богам і з бліжнімі, асабліва з самымі ўразлівымі; аб камунікацыі, якая можа распаліць агонь веры», — адзначыў Святы Айцец Папа Францішак у сваім пасланні.