19 студзеня Папа Францішак ухваліў абнародаванне Дыкастэрыяй па справах кананізацыі дэкрэтаў аб гераічнасці цнотаў, якія датычацца чатырох святароў, жанчыны-містыка, якая жыла ў XVII стагоддзі, і маладой свецкай італьянкі.
Польская рэдакцыя Ватыканскага Радыё перадае, што святары, якія афіцыйна прызнаныя Касцёлам кандыдатамі на абвяшэчэнне іх благаслаўлёнымі, гэта двое італьянцаў і двое іспанцаў.
Ксёндз Мігэль Коста-і-Лабэра быў канонікам на Маёрцы і праславіўся як прапаведнік і спаведнік. Яго духоўнае жыццё грунтавалася на эўхарыстычнай адарацыі і марыйнай пабожнасці.
Памёр на амбоне, калі прамаўляў гамілію з нагоды 300-годдзя кананізацыі святой Тэрэзы ад Езуса.
Ксёндз Гаэтано Франчэско Маўро займаўся перадусім душпастырствам бедных вясковых жыхароў у Калабрыі, што на поўдні Італіі. З клопатам пра іх, у 1928 годзе ён заснаваў Рэлігійнае таварыства вясковых работнікаў. Пад канец жыцця перажываў стан цяжкай дэпрэсіі, аднак гэта не зменшыла ў ім веры.
Ксёндз Джаванні Бара нёс святарскае служэнне як капэлан і заснавальнік розных каталіцкіх таварыстваў, студэнцкі душпастыр і журналіст. Быў таксама рэктарам духоўнай семінарыі для так званых «позніх пакліканняў» у Турыне.
Ксёндз Вісэнтэ Лопэс дэ Уралдэ Ласкана належаў да Супольнасці Марыі. Святар на працягу 62-х гадоў працаваў у Калегіюме святога Філіпа Нэры ў Кадысе на паўночным захадзе Іспаніі, дзе яго цанілі як настаўніка і спаведніка.
Пасля выхаду на пенсію без рэшты прысвяціў сябе служэнню сакрамэнтам паяднання, праводзячы ў канфесіянале па восем гадзін у дзень.
Памёр у 1990 годзе, на 96-м годзе жыцця.
Абвешчаныя дэкрэты датычацца таксама сястры Марыі Маргарыты Дыяміры ад Уцелаўлёнага Слова, якая жыла ў Таскане ў XVII стагоддзі і мела ад Бога дары прароцтва, парады, а таксама містычныя бачанні і экстаз. Хоць памерла ва ўзросце ўсяго 26-і гадоў, была ў вялікай павазе: па духоўную падтрымку і параду да яе звярталіся святары і біскупы, а таксама свецкія вернікі, у тым ліку прадстаўнікі мясцовай арыстакратыі.
Бэртыла Антаньяццы нарадзілася ў 1944 годзе і таксама паходзіла з Італіі. Яе кароткае, усяго 20-гадовае жыццё было пазначана цярпеннем. З прычыны хваробы, ад якой пакутавала з дзевяці гадоў, не магла выходзіць з дому.
Адораная вялкай сілай духа, зразумела, што яе місія заключаецца ў суцяшэнні церпячых і набліжэнні грэшнікаў і душаў да Бога праз ахвяраванне Яму свайго жыцця і цярпенняў.
Калі за год да смерці скіравалася ў пілігрымку ў Люрд, не прасіла Марыю аб аздараўленні, але аб святасці.