У апошні дзень 2022 года на 96-м годзе жыцця адышоў у вечнасць Бэнэдыкт XVI (Ёзаф Ратцынгер), 265-ы Папа, які знаходзіўся на пасадзе святога Пятра з 19 красавіка 2005 года па 28 лютага 2013 года.
Апошнія гады свайго жыцця Папа эмэрыт правёў у кляштары Mater Ecclesiæ на тэрыторыі Ватыкана, дзе ў цішыні і адасобленасці малітваю падтрымліваў святы Касцёл і свайго наступніка Папу Францішка.
Пра смерць Бэнэдыкта XVI са спасылкай на кіраўніка прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
«З болем паведамляю, што Папа эмэрыт Бэнэдыкт XVI памёр сёння ў 9.34 у кляштары Mater Ecclesiæ у Ватыкане. Дадатковая інфармацыя з'явіцца як мага хутчэй»,— сказаў ватыканскі прэс-сакратар.
Вернікі змогуць развітацца з Бэнэдыктам XVI у панядзелак 2 студзеня 2023 года. У гэты дзень цела Папы эмэрыта будзе выстаўлена ў базыліцы святога Пятра ў Ватыкане.
Матэо Бруні таксама паінфармаваў, што пахаванне запланавана на чацвер 5 студзеня ў 9.30. Пахавальныя абрады пройдуць на плошчы Святога Пятра. Плануецца, што іх узначаліць Папа Францішак.
У сераду 28 снежня падчас агульнай аўдыенцыі Папа Францішак папрасіў маліцца за свайго цяжка хворага папярэдніка. З такою ж просьбаю ўвечары таго ж дня звярнуліся да вернікаў дыяцэзій Касцёла на Беларусі каталіцкія біскупы нашай краіны.
У апошнія дні здароўе Бэнэдыкта XVI пагоршылася ў сувязі са сталым узростам. Тым не менш, у чацвер з’явілася афіцыйная інфармацыя пра тое, што Папа эмэрыт знаходзіцца «ў поўнай яснасці розуму і прытомнасці».
Менавіта ў такім стане, падтрыманы малітвамі вернікаў ва ўсім свеце, Бэнэдыкт XVI ў суботу адышоў у вечнасць.