8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Папа Францішак здзейсніў традыцыйны візіт да фігуры Маці Божай, усталяванай на калоне ў цэнтры плошчы Іспаніі ў Рыме.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, там Папа Францішак прамовіў малітву, у якой, са слязьмі на вачах, ад імя ўсіх рымлянаў прызнаўся Марыі ў «любові і адданасці».
«Праз два гады, калі я прыходзіў ушаноўваць Цябе на досвітку, сёння я вяртаюся да цябе разам з людзьмі гэтага Касцёла і гэтага горада. І я прыношу табе падзяку і просьбы ўсіх тваіх дзяцей, блізкіх і далёкіх», — маліўся Папа, маючы на ўвазе час пандэміі, калі ўшанаванне Багародзіцы праходзіла без удзелу вернікаў.
Пантыфік даверыў асабліваму заступніцтву Маці Божай «незлічоных мужчын і жанчын, не толькі хрысціянаў», для якіх Яна «сярод столькіх цёмных хмар застаецца знакам надзеі»; дзяцей, якім дае суцяшэнне; пажылых людзей, якіх суправаджае ў радасці і смутку іх жыцця.
У сваёй малітве Папа Францішак узгадаў «сем’і, бацькаў і маці, якія часта змагаюцца, каб звесці канцы з канцамі дома, і сутыкаюцца дзень пры дні з малымі і вялікімі праблемамі, каб рухацца наперад». Ён даверыў Найсвяцейшай Панне маладыя пары і папрасіў, каб яны, гледзячы на яе і святога Юзафа, «з мужнасцю даверылі сябе Божаму Провіду».
Папа папрасіў Марыю заставацца побач з моладдзю, якая жыве ў «культуры, багатай рэчамі і беднай каштоўнасцямі, насычанай інфармацыяй і пазбаўленай адукаванасці, пераканаўчай у падмане і бязлітаснай у расчараванні».
«Беззаганная Панна, я хацеў бы сёння выказаць Табе падзяку ад імя ўкраінскага народа, міру для якога мы даўно просім у Пана. <…> Мы ўсе ведаем, што Ты — з імі і з усімі тымі, хто пакутуе, як была побач з крыжам твайго Сына», — працягнуў Папа Францішак.
«Гледзячы на Цябе, бязгрэшную, мы можам працягваць верыць і спадзявацца на тое, што любоў перамагае нянавісць, праўда перамагае хлусню, прабачэнне перамагае крыўду, вайну перамагае мір», — завяршыў малітву Пантыфік.
На плошчы Іспаніі Святога Айца віталі Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі і мэр Вечнага горада. Ужо па традыцыі сюды прыбылі шматлікія групы вернікаў з рымскіх школ, парафій, касцёльных асацыяцый і прадпрыемстваў.