Пошук

11.11.2022 07:07   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: АР

У нядзелю 13 лістапада будзе адзначацца Шосты Сусветны дзень бедных, які сёлета пройдзе пад дэвізам з Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў: «Хрыстус стаў бедным дзеля вас» (пар. 2 Кар 8, 9).

У сваім Пасланні на сёлетні Дзень бедных Папа Францішак запрашае вернікаў задумацца над тым, ці беднасць Езуса Хрыста з’яўляецца верным спадарожнікам нашага жыцця.

Ва ўступе Паслання Святы Айцец адзначыў, што Сусветны дзень бедных павінен дапамагчы нам у разважанні над нашым стылем жыцця, а таксама над многімі вымярэннямі беднасці ў цяперашні гістарычны момант

Папа нагадаў, што пасля бедства пандэміі выбухнула вайна ва Украіне, выкліканая тым, што «адна з дзяржаў хоча навязаць сваю волю насуперак прынцыпу самавызначэння народаў.

Паўтараюцца сцэны, вядомыя нам з трагічнай памяці, калі ў чарговы раз узаемны шантаж некаторых магутных гэтага свету заглушае голас чалавецтва, якое патрабуе міру», — напісаў Пантыфік.

Ён звярнуў увагу на шматлікія няшчасці, якія нясуць войны, і нагадаў, што з раннехрысціянскіх часоў у Касцёле праводзілі збор сродкаў на карысць найбольш патрабуючых. Папа зазначыў, што нярэдка пасля першапачатковага энтузіязму актыўнасць ідзе на спад. Таму апостал Павел заклікаў да ажыўлення справаў міласэрнасці, «каб ахвочая гатоўнасць здзейснілася па меры вашых сродкаў» (2 Кар 8, 11).

Святы Айцец узгадаў пра вялікую ахвярнасць вернікаў у падтрымку ваенных бежанцаў на Блізкім Усходзе, у Цэнтральнай Афрыцы, а цяпер ва Украіне. «Неадменна чым даўжэй працягваецца канфлікт, тым горшымі становяцца яго наступствы. Народы, якія прымаюць бежанцаў, усё больш стамляюцца, стараючыся, каб дапамога была пастаяннай; сем’і і супольнасці пачынаюць адчуваць цяжар сітуацыі, якая ўжо выходзіць за межы крызіснага становішча.

Гэта менавіта той момант, каб не адступіць і каб аднавіць першапачатковую матывацыю. Тое, што мы распачалі, належыць давесці да канца, з такою самаю адказнасцю», — піша пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа Францішак падкрэсліў, што салідарнасць заключаецца ў тым, каб дзяліцца з тымі, хто нічога не мае. Ён патлумачыў, што шчодрасць у адносінах да бедных мае свой глыбокі падмурак у выбары Сына Божага, які сам пажадаў стаць бедным. Пантыфік адзначыў, што ў адносінах да бедных не займаюцца красамоўствам, але закасваюць рукавы і рэалізуюць веру ў непасрэдным саўдзеле. Папа Францішак асцярог ад абыякавасці ў адносінах да бедных і празмернай прывязанасці да грошай, дадаўшы, што ніхо не можа лічыць сябе вызваленым ад клопату пра бедных і пра сацыяльную справядлівасць.

Святы Айцец заўважыў, што ёсць такая беднасць, якая забівае — галеча, спароджаная несправядлівасцю, эксплуатацыяй, насіллем, а таксама несправядлівым падзелам багаццяў і рэсурсаў. З другога боку, беднасць, якая вязваляе, — гэта адказны выбар, што дазваляе скінуць баласт, які абцяжарвае, і імкнуцца да таго, што істотнае.

«Сустрэча з беднымі дазваляе пакласці канец шматлікім неспакоям і беспадстаўным страхам, каб дасягнуць таго, што сапраўды важна ў жыцці і чаго ніхто не можа ў нас скрасці: любові сапраўднай і бескарыслівай. Таму што бедныя перш, чым стануць прадметам нашай міласціны, з’яўляюцца суб’ектам, які дапамагае нам вызваліцца з путаў неспакою і павярхоўнасці», — сказана ў Пасланні Папы Францішка.

Пантыфік падкрэсліў, што беднасць Хрыста нас узбагачае. «Калі мы хочам, каб жыццё перамагло смерць, а годнасць была вызвалена ад несправядлівасці, то трэба ісці Ягоным шляхам: наследаваць беднасць Езуса Хрыста, дзелячыся жыццём дзеля любові, дзелячыся хлебам свайго жыцця з братамі і сёстрамі, пачынаючы з апошніх, з тых, каму не хапае неабходнага, каб настала роўнасць, каб бедныя былі вызвалены ад галечы, а багатыя ад марнасці, бо ў абодвух няма надзеі», — напісаў Пантыфік.

Ён звярнуў увагу на асаблівы прыклад беднасці кананізаванага 15 мая святога Шарля дэ Фуко, які пазбавіўся ад прамінальнага багацця, каб пайсці за Езусам і разам з Ім стаць бедным і братам усіх.

«Няхай гэты Шосты Сусветны дзень бедных стане нагодаю для ласкі, каб зрабіць асабісты і супольны рахунак сумлення і задаць пытанне, ці беднасць Езуса Хрыста з’яўляецца нашым верным спадарожнікам жыцця», — напісаў Папа Францішак на заканчэнне свайго Паслання на Шосты Сусветны дзень бедных.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа