Пошук

28.10.2022 11:10   Vatican News
Фота Віталія Палінеўскага

27 кастрычніка быў абнародаваны Дакумент кантынентальнага этапу Сіноду Біскупаў. Ён стане асновай для другой фазы сінадальнага працэсу, які праходзіць у Касцёле.

Кароткі агляд тэксту прапануе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Дакумент, выдадзены на італьянскай і англійскай мовах, быў складзены на падставе справаздач, дасланых у Генеральны сакратарыят Сіноду Біскупаў па выніках першага этапу сінадальных кансультацый і дыскусій, якія з кастрычніка 2021 года праходзілі ва ўсіх дыяцэзіях свету. Ён не мае дактрынальнага характару, не з’яўляецца пералікам мясцовых досведаў, сацыялагічным аналізам ці «дарожнай картай», што ўтрымлівае арыенціры і мэты, якіх трэба дасягнуць.

«Працоўны дакумент» дапамагае пачуць галасы Божага народа, з іх інтуіцыяй, пытаннямі, рознагалоссямі. Ён стане асновай для далейшых абмеркаванняў.

«Ніхто не павінен быць выключаным» — гэта адна з ключавых думак тэксту. Ён паказвае, што многія супольнасці зразумелі сінадальнасць як «заклік прыслухацца да тых, хто адчувае сябе выгнаным з Касцёла». На іх думку, ёсць шмат людзей, якія лічаць сябе «зняважанымі, забытымі, незразумелымі», у першую чаргу гэта жанчыны і моладзь, якія не адчуваюць, што іх дары і здольнасці цэняцца належным чынам.

Сярод людзей, якія просяць аб больш актыўным дыялогу і большай адкрытасці, напрыклад, былыя святары, якія пакінулі служэнне, каб ажаніцца, а ў першую чаргу тыя, хто па розных прычынах адчуваюць напружанасць паміж прыналежнасцю да Касцёла і ўласнымі афектыўнымі адносінамі. Гаворка ідзе пра разведзеных, якія жывуць у новым саюзе, бацькоў-адзіночак, людзей, якія жывуць у палігамным сужэнстве, асоб ЛГБТК.

«Людзі просяць, каб Касцёл быў прытулкам для параненых і прыгнечаных, а не ўстановай для дасканалых», — гаворыцца ў адным з дакументаў, дасланых з ЗША.

Нягледзячы на культурныя адрозненні, паміж рознымі кантынентамі існуе істотнае падабенства ў адносінах да тых, хто ў хрысціянскай супольнасці і грамадстве лічыцца «выключаным». З іншага боку, існуе плюралізм пазіцый нават у межах аднаго кантынента ці адной краіны.

У шматлікіх рэзюмэ выказваецца шкадаванне і занепакоенасць тым, што Касцёлу не заўсёды і не ўсюды ўдаецца «эфектыўна дасягнуць бедных на перыферыях і ў самых аддаленых месцах». Пад беднымі разумеюцца не толькі абяздоленыя, але таксама адзінокія пажылыя людзі, карэннае насельніцтва, мігранты, дзеці вуліцы, алкаголікі і наркаманы, ахвяры гандлю людзьмі, тыя, хто перажыў гвалт, зняволеныя, групы, якія церпяць дыскрымінацыю і насілле па прычыне сваёй расы, этнічнай прыналежнасці, полу, сексуальнасці.

У дасланых у Ватыкан дакументах часта гучаць заклікі да салідарнасці, дыялогу, суправаджэння і прыняцця гэтых людзей.

У краінах, дзе мелі месца факты сексуальных злоўжыванняў у каталіцкіх установах, вернікі заклікаюць да «культурных перамен» у Касцёле, каб яго дзейнасць была больш празрыстай і адказнай. З многіх кантынентаў таксама гучыць заклік больш высока цаніць ролю жанчын у Касцёле. Напрыклад, у справаздачы, атрыманай са Святой Зямлі, звярталася ўвага на тое, што ў Касцёле рашэнні амаль заўсёды прымаюцца мужчынамі, у той час як жанчыны складаюць большасць практыкуючых вернікаў і з’яўляюцца больш актыўнымі членамі каталіцкай супольнасці.

Звяртаецца ўвага на праблемы людзей з рознымі формамі інваліднасці, якія, напрыклад, не заўсёды маюць магчымасць атрымліваць сакрамэнты, сустракаюцца з рознымі праявамі культуры адчужэння, быццам іх жыццё менш каштоўнае за жыццё іншых. У дакуменце гучыць голас каталіцкіх супольнасцяў, якія падвяргаюцца пераследу па рэлігійных матывах, якія жывуць ва ўмовах узброеных і палітычных канфліктаў. У роўнай ступені вылучаецца прыхільнасць Божага народа да абароны жыцця на ўсіх яго этапах.

Абноўлена 13.04.2023 14:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа