Пошук

14.07.2022 12:12   Vatican News
Кардынал П’етро Паралін. Фота: ANSA

У надзвычайнай сітуацыі, якую перажывае свет, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін, падкрэсліў неабходнасць адзінства, каментуючы хваляванні ў еўрапейскій урадах на фоне вайны ва Украіне.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, 13 ліпеня кардынал Дзяржсакратар узяў удзел у прэзентацыі кнігі журналісткі Ватыканскага радыё Фаўсты Сперанцы «Пачуццё смагі. Вада паміж геапалітыкай, правамі, мастацтвам і духоўнасцю» (Il senso della sete. L’acqua tra geopolitica, diritti, arte e spiritualità), якая прайшла ў пасольстве Італіі пры Святым Пасадзе ў Рыме.

Мерапрыемства стала нагодай для таго, каб абмеркаваць небяспечны крызіс водных рэсурсаў, ад якога галоўным чынам пакутуюць самыя бедныя краіны, але на палях сустрэчы кардынал Паралін пракаментаваў таксама некаторыя іншыя актуальныя падзеі: вайну ва Украіне, яго нядаўняе падарожжа ў Афрыку і прызначэнне трох жанчын у Дыкастэрыю па справах біскупаў.

«Папа хоча паехаць ва Украіну і паедзе туды, як толькі гэта будзе магчыма», — запэўніў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, пацвердзіўшы такім чынам намер Пантыфіка адправіцца ў Кіеў, каб выказаць сваю блізкасць украінскаму народу, змучанаму ад ваеннага насілля.

Адказваючы на пытанне пра палітычныя хваляванні ў еўрапейскіх урадах, якія абвастрыла вайна ва Украіне, кардынал Паралін сказаў: «Я лічу, што ў цяперашняй сусветнай сітуацыі чым больш стабільны ўрад, тым лепш ён можа справіцца са шматлікімі выклікамі, якія ўзнікаюць, а гаворка ідзе пра эпахальныя выклікі. Ніхто не мог падумаць, што гэтая вайна прывядзе да агульнага крызісу, у тым ліку харчовага і энергетычнага. Таму відавочна, што, калі ёсць нехта, хто трымае сітуацыю пад кантролем, гэта аблягчае яе вырашэнне.

Мы павінны працаваць усе разам, а не раз’ядноўвацца», — дадаў Дзяржсакратар.

Гаворачы пра сваё нядаўняе падарожжа ў Афрыку, кардынал Паралін сказаў: «Я наведаў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан, каб запэўніць жыхароў гэтых дзвюх краін у тым, што Папа мае намер прыехаць да іх, а паездку адклалі выключна з-за стану яго здароўя». Іерарх патлумачыў, што цяпер неабходна выбраць найбольш прыдатны перыяд для папскага візіту, каб не трапіць на сезон дажджоў, якія б ускладнілі яго. Ён таксама падкрэсліў, што гэты перыяд у Паўднёвым Судане і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга не супадае, таму падарожжа павінна быць старанна спланавана.

Дзяржсакратар пракаментаваў таксама прызначэнне Святым Айцом трох жанчын у склад Дыкастэрыі па справах біскупаў, заўважыўшы, што «працягваецца адкрыццё Касцёла на свет жанчын».

Ён нагадаў, што раней жанчыны ніколі не працавалі ў такой важнай ватыканскай структуры, якая рыхтуе для Папы дакументацыю адносна прызначэння новых біскупаў.

Магчымасць такога прызначэння, на думку кардынала, з’яўляецца наступствам новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі Prædicate Evangelium.

Абноўлена 14.07.2022 12:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця