Пошук

13.06.2022 11:22   Vatican News
Фота: ilsismografo

Вялікім попытам сярод калекцыянераў і вернікаў карыстаецца памятны срэбраны медаль, прысвечаны Украіне, які быў распрацаваны Філатэлістычна-нумізматычным аддзелам Ватыкана.

Як паведаміла 13 чэрвеня Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, амаль усе тры тысячы медалёў «Мір ва Украіне» былі прададзены за некалькі тыдняў. У межах дадатковай эмісіі плануецца выпуск чарговых 2 тысяч медалёў.

Увесь даход ад іх продажу будзе перададзены на дапамогу ўкраінскаму насельніцтву, якое пакутуе ад вайны.

Кіраўнік Філатэлістычна-нумізматычнага аддзела Маўро Аліўеры расказаў Vatican News, што медаль, прызначаны для збору сродкаў на дабрачынную ініцыятыву, выпускаецца ў Ватыкане ўпершыню. Ён выказаў спадзяванне на тое, што больш такіх нагодаў узнікаць не будзе.

Аліўеры адзначыў, што запыты на набыццё медаля паступаюць з розных краін свету, у тым ліку дзясяткі з самой Украіны, куды пакуль вельмі цяжка арганізаваць дастаўку. На цяперашні момант медаль можна набыць толькі асабіста ў Ватыкане, але хутка пачне дзейнаць анлайн-продаж.

Фота: tgcom24.mediaset.it

Кошт аднаго медаля складае 50 еўра. Яго дызайн распрацавалі дзве італьянскія мастачкі: Арыета Росі і Даніэла Лонга.

На ім змешчаны выявы трох людзей: маладой маці, дзяўчынкі і бабулі, якія бягуць з горада, разбуранага бомбамі; уверсе на лаціне і па-украінску літарамі напісана: Pax — Mир.

На аверсе медаля — голуб міру, ніжэй — герб папы Францішка і словы з малітвы, якую ён прачытаў падчас агульнай аўдыенцыі 16 сакавіка, заклікаючы да міласэрнасці адносна кожнага чалавека, які, як і Хрыстус, пакутуе ад вайны.

Абноўлена 13.06.2022 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця