12 мая Папа Францішак звярнуўся з пасланнем да сімпозіума Генеральных штатаў нараджальнасці (Stati Generali della natalità), які праходзіць у Рыме па ініцыятыве італьянскага Форума сямейных асацыяцый пры ўдзеле навукоўцаў, журналістаў, сацыёлагаў, палітыкаў, бізнесменаў, спартсменаў, дзеячаў культы і прадстаўнікоў свету музыкі і кіно.
У сваім пасланні Святы Айцец назваў крызіс нараджальнасці сацыяльнай катастрофай нашых дзён, падкрэсліўшы, што ўсё менш і менш дзяцей з’яўляецца на свет, а гэта збядняе будучыню кожнага з нас.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа Францішак звярнуў увагу на тое, што «на Захадзе існуе экзістэнцыяльная перыферыя, якая не адразу кідаецца ў вочы»: гаворка ідзе пра сужонкаў, якія жадаюць, але не могуць мець дзіця. Будучы не ў стане рэалізаваць сваю сямейную мару, яны «паніжаюць планку жаданняў» і задавальняюцца «пасрэднымі заменамі, такімі як бізнэс, аўтамабіль, падарожжы, празмерны клопат пра вольны час». «Прыгажосць сям’і, багатай дзецьмі, рызыкуе стаць утопіяй, марай, якую цяжка ажыццявіць», — падкрэсліў Папа.
«Гэтая новая беднасць палохае мяне. Гэта пракрэацыйная беднасць тых, хто скідае з рахункаў жаданне шчасця, пагаджаецца з прыглушэннем сваіх самых вялікіх памкненняў, задавольваецца малым і перастае спадзявацца на вялікае.
Так, гэта трагічная беднасць, бо яна б’е па найбольшым багацці чалавека, якое заключаецца ў тым, каб несці ў свет жыццё, клапаціцца пра яго, з любоўю перадаваць іншым атрыманае жыццё», — заўважыў Папа.
На думку Святога Айца, не заўважаць праблему падзення нараджальнасці — недальнабачна: гэта значыць капітуляваць перад абліччам праблем. Аднак праца ўдзельнікаў рымскага сімпозіума сцвярджае адваротнае: яны не жадаюць скарацца і спадзяюцца «насуперак лічбам, якія год за годам няўмольна пагаршаюцца», — заўважыў Пантыфік.
«Дарагія сябры, усё можа змяніцца, калі мы без страху, выходзячы за рамкі вузкіх інтарэсаў і ідэалагічных бар’ераў, будзем працаваць разам. Таму заклікаю, каб на ўсіх узроўнях — інстытуцыйным, медыйным, культурным, эканамічным і сацыяльным — развівалася, удасканальвалася і ажыццяўлялася канкрэтная палітыка, скіраваная на аднаўленне нараджальнасці», — падкрэсліў Папа.
Ён зазначыў, што тэма нараджальнасці павінна аб’ядноўваць, а не падзяляць. Таму ён заклікаў «кампаніі, банкі, асацыяцыі, прафсаюзы, спартсменаў, акцёраў, пісьменнікаў, палітыкаў усіх разам падумаць пра тое, як зноў пачаць спадзявацца на жыццё».
«Прыйшоў час даць рэальныя адказы сем’ям і маладым людзям: надзея не можа і не павінна памерці ад чакання. Я прашу Бога благаславіць вашую дзейнасць. Я разам з вамі і падтрымліваю вас, каб разам змаглі пераламаць ход гэтай халоднай дэмаграфічнай зімы», — завяршыў пасланне Святы Айцец.