У 2017 годзе не будзе магчымасці рэалізаваць планы папскага візіту ў Паўднёвы Судан, паведаміў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Грэг Бёрк. Першапачаткова сумесны візіт Папы і Архіепіскапа Кентэрберыйскага планаваўся на кастрычнік.
Аб сваім жаданні здзейсніць кароткі візіт у Паўднёвы Судан, краіну, дзе па дадзеных ААН, у цяперашні час галадаюць каля 100 тыс. чалавек, папа Францішак паведаміў у канцы лютага 2017 г. падчас прабывання ў англіканскім храме Усіх Святых у Рыме.
Пантыфік прызнаўся, што вывучае магчымасць зрабіць гэта сумесна з прадстаўнікамі Англіканскай Царквы.
«Я вывучаю, мае супрацоўнікі вывучаюць магчымасць падарожжа ў Паўднёвы Судан. Чаму? Таму што прыйшлі англіканскі, прэсвітэрыянскі і каталіцкі біскупы, каб сказаць мне: “Калі ласка, прыязджайце ў Паўднёвы Судан, хаця б на адзін дзень, але прыязджайце не адзін, а разам з Архіепіскапам Кентэрберыйскім Джасцінам Уэлбі”. Гэта прыйшло з боку іх маладога Касцёла, і мы думаем над гэтым», — сказаў тады Францішак. Падчас гутаркі з англіканскімі святарамі і вернікамі ён падкрэсліў, што сітуацыя ў Паўднёвым Судане вельмі цяжкая, але «яны хочуць міру, і мы разам працуем для міру».
Нядаўна каталіцкі арцыбіскуп Джубы Паўліна Лукуду Лора сказаў, што гуманітарная сітуацыя ў краіне застаецца драматычнай у сувязі з доўгай і кровапралітнай грамадзянскай вайной.
Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)