Пошук

29.05.2017 10:26  

«Любіць гэта значыць умець паціснуць брудную руку, паглядзець у вочы заняпаламу чалавеку і сказаць: для мяне ты — Есус», — сцвердзіў папа Францішак, звяртаючыся да моладзі падчас візіту ў італьянскую Геную 27 мая.

Папа заклікаў моладзь быць місіянерамі, цвёрдымі ў надзеі, з любоўю і мужнасцю сузіраючы цярпенне і боль людзей, бо Езус знаходзіцца ў кожным чалавеку.

Моладзевая місія ў Лігурыі праводзіцца маладымі для маладых. Яна паўстала пасля Італьянскага Эўхарыстычнага кангрэса, які праходзіў у мінулым годзе ў Генуі. Юныя місіянеры распавялі Папу пра сваю працу.

Пантыфік заклікаў маладых місіянераў ставіцца да ўсяго сур’ёзна. Місія, як адзначыў Папа, змяняе нас, наш погляд і вобраз жыцця. Місія дапамагае адмовіцца ад ідэі «чыстых» і «брудных» у Касцёле: «Усе мы — дзеці Божыя, усе мы грэшнікі, ва ўсіх прабывае Святы Дух, які можа ўчыніць нас святымі».

Святы Айцец указаў, што ў нашым грамадстве існуе тэндэнцыя да ігнаравання іншых людзей, аднак хрысціяне пакліканы быць бліжнімі, якія дакранаюцца да болю самых апошніх: «Любіць гэта значыць умець паціснуць брудную руку, паглядзець у вочы заняпаламу чалавеку і сказаць: для мяне ты — Есус».

На заканчэнне прамовы Папа нагадаў пра трагедыю мігрантаў: «Міжземнае мора пераўтварылася ў могілкі... Многія краіны зачыняюць дзверы перад людзьмі, якія носяць у сабе раны, якія ратуюцца ад голаду, вайны, ад эксплуатацыі... Ці нармальна гэта? Калі гэта ненармальна, то трэба ўмяшацца, каб такога больш не адбывалася».

Пасля сустрэчы з моладдзю папа Францішак абедаў разам з беднымі, бежанцамі, беспрытульнымі і вязнямі.

Паводле Радио Ватикана
(VGr)

Абноўлена 17.08.2017 15:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.