21 мая пасля марыйнай малітвы Regina Caeli на плошчы Св. Пятра папа Францішак абвясціў імёны пяці новых кардыналаў. Пантыфік паведаміў, што 28 чэрвеня ў Ватыкане адбудзецца кансісторый, падчас якога ён прызначыць пяць новых пурпуратаў з розных краін свету.
Першым прагучала імя арцыбіскупа Бамака (Малі) Жана Зэрбо. Кардыналамі таксама стануць: арцыбіскуп Барселоны (Іспанія) Хуан Хасэ Амелья-і-Амелья, біскуп Стакгольма (Швецыя) Андэрс Арбарэліус, Апостальскі вікарый Паксэ (Лаос), біскуп Луі-Мары Лінг Мангханекун і дапаможны біскуп архідыяцэзіі Сан-Сальвадор (Сальвадор) Хасэ Грыгорыа Роза Чавес.
Францішак паведаміў таксама, што 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, будзе цэлебраваць Эўхарыстыю з новымі кардыналамі, Калегіяй Кардыналаў, новымі арцыбіскупамі-мітрапалітамі, біскупамі і некаторымі святарамі.
Пасля прызначэння новых пурпуратаў Калегія Кардыналаў будзе налічваць 227 членаў, з якіх 122 кардыналы з правам голасу на магчымым канклаве і 106 без права голасу.
Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)