Пошук

30.03.2022 15:25   Паводле: Vatican News
Кардынал Джузэпэ Вэрсальдзі. Фота: AFP / Alberto Pizzoli

29 сакавіка была абнародавана інструкцыя Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі пад назвай: «Тоеснасць каталіцкай школы на карысць культуры дыялогу».

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, новая інструкцыя адносна каталіцкіх школ павінна спрыяць стварэнню грамадскіх адносін і клопату пра самых слабых, прапанаваць вывераныя каштоўнасці, якія з’яўляюцца асновай хрысціянскага жыцця.

Так вызначыў мэты дакумента прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі кардынал Джузэпэ Вэрсальдзі.

Іерарх, непасрэдна звязаны з рэалізацыяй прапанаванага Папам Францішкам Глабальнага адукацыйнага саюза, адзначыў, што клопат аб выхаванні павінен інтэграваць усіх суб’ектаў грамадскага жыцця: сем’і, школы, аб’яднанні і арганізацыі грамадзянскай супольнасці, Касцёлы і рэлігійныя суполкі, а таксама органы ўлады на дзяржаўным узроўні.

У інструкцыі звяртаецца ўвага на неабходнасць супрацоўніцтва ў выхаванні педагогаў і настаўнікаў, якія павінны не толькі даносіць да вучняў пазітыўныя веды, але і ствараць супольнасць дыялогу, у якой прысутнічае павага да розных меркаванняў, дух братэрства і рэальнага прагрэсу. Вельмі важным вымярэннем адукацыі з’яўляецца фармаванне афектыўнай і сексуальнай сфер так, каб яны былі сканцэнтраваны на дары сябе, а не на валоданні і выкарыстанні іншых.

«Сутнасць адукацыі — сэрца. Трэба стварыць сінтэз выхаваўчага працэсу, у якім пераплятаюцца любоў, прызнанне розных роляў і функцый, адкрытасць канкрэтнаму чалавеку і павага да самага слабога.Гаворка пра тое, каб стварыць сям’ю, якая жыве сведчаннем любові, чым і стараецца жыць Каталіцкі Касцёл», — звярнуў увагу кардынал прэфект.

На думку іерарха, «важна ўлічваць такія фактары, як сур’ёзнасць, дысцыпліна, жаданне вучыцца, прафесіяналізм, і спалучаць іх з іншымі выхаваўчымі сродкамі ў атмасферы любові і міласэрнасці». Кардынал Вэрсальдзі перакананы, што ў такім выпадку маладыя людзі будуць знаходзіцца не ў атмасферы строгасці, абмежаванай толькі навучаннем, а ў атачэнні тых, хто іх паважае, накіроўвае і ўдасканальвае такім чынам, каб выхаваць свабодную асобу, унутрана інтэграваную ў розных вымярэннях жыцця, грамадскага і хрысціянскага.

Абноўлена 30.03.2022 15:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця