Папа Францішак 28 красавіка распачынае двухдзённы візіт у Егіпет. З пункту гледжання бяспекі гэта будзе адно з самых складаных падарожжаў. Візіт пройдзе пасля двух замахаў на копцкія святыні, у якіх у Пальмовую нядзелю, 9 красавіка, загінула звыш 40 чалавек.
Гэта будзе 18 замежнае падарожжа папы Францішка. Падчас візіту Пантыфік выступіць з прамовай на міжнароднай канферэнцыі на тэму міру ў тэалагічным універсітэце Аль-Азхар у Каіры, а таксама сустрэнецца з лідарам Копцкай Царквы Тавадрасам ІІ.
Пасля нядаўніх атак на копцкіх хрысціянаў Ватыкан паведаміў, што Папа не мае намеру адмаўляцца ад візіту. Апостальская Сталіца запэўніла, што найбольш занепакоена пытаннямі бяспекі, тым больш, што Святы Айцец Францішак будзе ездзіць у Каіры на небраніраваным аўтамабілі.
У відэапасланні да егіпцянаў Папа адзначыў: «Наш свет, пакутуючы ад сляпога насілля, якое трапіла таксама ў сэрца вашай дарагой зямлі, патрабуе міру, любові і міласэрнасці». Свет, як падкрэсліў Пантыфік, «патрабуе будаўнікоў мастоў міру, дыялогу, братэрства, справядлівасці і чалавечнасці».
«З радасным і ўдзячным сэрцам я прыбуду ў вашу дарагую айчыну, калыску цывілізацыі, дар Ніла, краіну сонца і гасціннасці, — паведаміў Святы Айцец. —
Я сапраўды шчаслівы, што прыеду як сябар, як пасланнік міру і як пілігрым у краіну, якая дзве тысячы гадоў таму дала сховішча і прытулак Святой Сям’і, калі тая ўцякала ад пагрозаў караля Ірада».
Папа патлумачыў, што хоча суцешыць і падбадзёрыць усіх хрысціянаў з Блізкага Усходу, што едзе з пасланнем братэрства і паяднання, скіраваным да свету ісламу.
Прадстаўнік францішканскага кляштара ў Асізі а. Энца Фартуната параўнаў гэты папскі візіт з падарожжам св. Францішка ў Егіпет у 1219 годзе, дзе той сустрэўся з султанам Мелекам эль-Камелем. «Клімат гістарычны і геапалітычны вельмі падобны; сёння забіваюць у імя рэлігіі гэтаксама, як і тады», — дадаў законнік.
Да гэтага 17 гадоў таму Егіпет наведваў св. Ян Павел ІІ.
Паводле deon.pl (VGr)