Пошук

25.04.2017 13:41  

Няма ніякіх асцярогаў у сувязі з візітам папы Францішка ў Егіпет. Па Каіры Пантыфік будзе ехаць на звычайным, не браніраваным аўтамабілі. На прэс-канферэнцыі ў Ватыкнае агучылі дэталі 18-га міжнароднага падарожжа Пантыфіка.

Грэг Бёрк, кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, паведаміў, што двухдзённы візіт, які пачнецца 28 красавіка, пройдзе ў трох вымярэннях: пастырскім, скіраваным да невялікай супольнасці католікаў у Егіпце, экуменічным, каб падкрэсліць важнасць дыялогу з Копцкай Праваслаўнай Царквой, і міжрэлігійным, паколькі адным з бакоў, які запрасіў Папу ў краіну быў ісламскі ўніверсітэт «Аль-Азхар».

У Егіпце каля 90 мільёнаў жыхароў, з якіх 89 працэнтаў — мусульмане-суніты, каля 10 працэнтаў — вернікі Копцкай Праваслаўнай Царквы, і толькі 0,1 працэнт — католікі розных абрадаў.

Францішак прыбудзе ў Егіпет як чалавек міру. Тут запланавана пяць яго выступленняў, паведаміў Бёрк. Галоўнае прагучыць на Міжнароднай мірнай канферэнцыі. Разам з копцкім Патрыярхам Тавадрасам II Пантыфік наведае царкву святых Пятра і Паўла, дзе некалькі месяцаў таму адбыўся тэракт, каб памаліцца за забітых хрысціян. Важнымі ў пастырскім плане стануць сустрэчы другога дня візіту: з духавенствам, законнікамі і семінарыстамі, а таксама ўрачыстая Эўхарыстыя.

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў, што Францішак «не наіўны», ён добра ведае сітуацыю ў Егіпце, ведае пра ўсё, што там адбываецца. Менавіта таму Папа хоча прывезці з сабой станоўчае сведчанне. Адсюль жаданне выкарыстоўваць звычайны аўтамабіль.

Бёрк назваў «выдатнай рэччу» прысутнасць у Каіры Патрыярха Канстанцінопальскага, Барталамея І. Хоць не чакаецца асобнай сустрэчы паміж ім і Францішкам, сам факт яго прысутнасці з’яўляецца вельмі знакавым.

Апрача «рэлігійнай» часткі прабывання ў Егіпце, Пантыфіка чакае «палітычная» — візіт да Прэзідэнта краіны Абдэля Фаттах аль-Сісі і сустрэча з прадстаўнікамі ўлады.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
(VGr)

Абноўлена 22.08.2017 13:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа