Пошук

17.04.2017 14:14  

16 красавіка, у Вялікдзень, папу на пенсіі Бэнэдыкту XVI споўнілася 90 гадоў. Святкаванне дня нараджэння было перанесена на 17 красавіка, і яно праходзіць у простай, прыватнай форме: ватыканскі кляштар «Mater Ecclesiae» наведвае невялікая дэлегацыя з Баварыі.

З гэтай нагоды прэфект папскага дому арцыбіскуп Георг Генсвайн распавёў у інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму Radio Horeb пра паўсядзённае жыццё Папы на пенсіі.

Час у кляштары ідзе даволі павольна: не сакрэт, што папа Бэнэдыкт любіць парадак, адзначыў арцыбіскуп Генсвайн, і празрыстасць раскладу з’яўляецца вялікай дапамогай. У канцы свайго Пантыфікату папа Ратцынгер заявіў, што «ён не будзе весці “прыватнае жыццё” і рабіць усё, што яму хацелася б, але “будзе ўзыходзіць на гару”, што нагадвае пра Майсея. Ён пойдзе ў адстаўку, каб маліцца — адпаведна сваім сілам, перакананням і здольнасцям — за свайго пераемніка, за Касцёл і ўвесь свет. Гэта акурат тое, што ён робіць. Яго жыццё ўяўляе сабой сугучнасць малітвы, навуковых даследаванняў, візітаў, слухання музыкі, святых Імшаў, шпацыраў, разважанняў, адпачынку, а таксама падрыхтоўкі да сустрэчы з Панам. Я бачу, што пасля свайго рашэння папа Бэнэдыкт жыве з вялікім унутраным спакоем», — адзначыў арцыбіскуп.


Адказваючы на пытанне журналіста аб праблеме з хадзьбой папы Ратцынгера, іерарх адзначыў, што «гэта самы слабы бок яго цела». «Сапраўды, яму цяжка хадзіць, і таму з пэўнага часу ён карыстаецца хадункамі: гэта надае больш стабільнасці, бяспекі, ён ходзіць больш упэўнена. Да гэтага часу я не чуў, каб ён скардзіўся, — падкрэслівае біскуп, — часам ён жартам заўважае, што “раней быў больш хуткім, цяпер жа для ранейшых рэчаў яму трэба нашмат больш часу”».

Арцыбіскуп распавёў, чаму ён навучыўся ад Папы на пенсіі: «Вера з’яўляецца дарам, які прыносіць радасць; менавіта вера прыходзіць на дапамогу ў нясенні цяжару, ускладзенага на плечы: тады ён перастае быць цяжарам».

Прэфект папскага дому адказаў на пытанне, ці прыходзіць папа Францішак па параду да папы Бэнэдыкта: «Не сакрэт, што яны ў добрых стасунках і што папа Францішак рэгулярна наведвае папу Бэнэдыкта, тады яны адасабляюцца на размову. Гэтыя візіты спантанныя, але часцей за ўсё папа Францішак прыходзіць з нагоды асабістых гадавін, перад падарожжамі або пасля іх; часам яны размаўляюць па тэлефоне, шлюць адзін аднаму лісты... Так што фармальных правіл не існуе, гэта хутчэй “харызматычныя” сустрэчы».

Паводле ru.radiovaticana.va (VGr)

Абноўлена 12.09.2017 11:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця