24 сакавіка вечарам у Sala Regia Апостальскага палаца Святы Айцец прыме на аўдыенцыі 27 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Еўрапейскага саюза. Палітыкаў будуць суправаджаць дэлегацыі, якія прыбылі ў Рым на святкаваенне 60-годдзя падпісання Рымскай Дамовы і спецыяльнага саміту ЕС, які павінен даць яму новы напрамак пасля Brexit.
Інстытуты аб’яднанай Еўропы будуць прадстаўляць Антоніа Таяні, старшыня Еўрапейскага парламента; Дональд Туск, старшыня Еўрапейскай рады; і Жан-Клод Юнкер, старшыня Еўрапейскай камісіі.
Пасля выступаў старшыні Савета Міністраў Італьянскай Рэспублікі Паола Джэнцілоні і старшыні Еўрапарламента Антоніа Таяні Святы Айцец звернецца да прысутных з прамовай. На заканчэнне аўдыенцыі ў Сікстынскай капэле запланавана сумеснае фота папы Францішка з кіраўнікамі дэлегацый.
Пра магчымасць сустрэчы еўрапейскіх лідараў з Папам згадваў яшчэ 27 лютага прэм’ер-міністр Мальты Джозэф Мускат. На яго думку, папа Францішак можа «забяспечыць лідарства, якога не хапае палітычным дзеячам». «Я ўпэўнены, улічваючы абставіны, гэта найбольш адпаведны лідар, які мае кампетэнцыю і бачанне, каб гаварыць перавышаючы рэчаіснасць і банальнасць, што нам не падабаецца ў палітыцы», — сказаў кіраўнік мальтыйскага ўрада.
Папа Францішак у лістападзе 2014 г. наведаў штаб-кватэру Еўрапейскага парламента ў Страсбургу, а ў маі 2016 г. атрымаў Прэмію Карла Вялікага (прысуджаецца асобам, якія зрабілі выдатны ўнёсак у еўрапейскае адзінства).