Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця напісала зварот да манаскіх супольнасцяў з заклікам да няспыннай малітвы, каб «спынілася вайна, каб не перамагла эканоміка, якая забівае, каб дыялог быў мацнейшым за зброю».
Пра гэта паведаміла 28 лютага Украінская рэдакцыя парталу Vatican News.
«Найдаражэйшыя кансэкраваныя асобы, тое, чаго мы баяліся, здарылася: зноў на вуліцы і да людзей вярнулася вайна; вярнулася на кантыненце, які, як здавалася, ужо засвоіў урокі жахаў мінулага; вярнулася, несучы з сабою пагрозу новага сусветнага канфлікту. Вярнулася і зноў паставіла перад нашымі вачыма трагедыі, якаія перажываюць мільёны людзей у іншых частках свету», — такімі словамі распачынаецца зварот, у якім Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця заклікае манаскія супольнасці ўзносіць малітву за мір ва Украіне і ва ўсім свеце.
У дакуменце, падпісаным Прэфектам згаданай Кангрэгацыі кардыналам Жуанам Брасам дэ Авісам і сакратаром арцыбіскупам Хасэ Радрыгесам Карбальё, адзначаецца, што, ідучы за прыкладам вялікай колькасці святых заснавальнікаў Ордэнаў і Таварыстваў, а таксама мноства кансэкраваных асоб, «мы верым у сілу малітвы», бо «маліцца патрэбна заўсёды, таксама і тады, калі здаецца, што ўсё гэта дарма; калі здаецца, што Бог глухі і нямы, і здаецца, што мы марнуем час. Таксама і тады, калі неба закрываюць хмары», — як вучыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 11 лістапада 2020 года.
«Молімся аб тым, каб спынілася вайна, каб не перамагла эканоміка, якая забівае, каб любоў прыйшла на змену нянавісці, салідарнасць — абыякавасці, каб дыялог быў мацнейшым за зброю», — заклікаюць кіраўнікі Кангрэгацыі, асаблівым чынам скіроўваючы гэтае заахвочванне да кантэмпляцыйных супольнасцяў.
«Няхай няспынная малітва будзе палымнеючым ядром кожнага, кожнай і ўсіх. Давайце маліцца асабіста і ў нашых супольнасцях, прапаноўваць малітоўныя ініцыятывы, а там, дзе магчыма, рабіць гэта разам з братамі і сёстрамі хрысціянскіх Касцёлаў», — гаворыцца ў пасланні да манаскіх супольнасцяў, якое завяршаецца заахвочваннем паўсюль праяўляць жэсты міру разам з кожным чалавекам добрай волі.