Пошук

15.02.2022 11:16   Паводле: Vatican News
Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр (2018) Фота: CNS / Paul Haring

14 лютага быў абнародаваны Апостальскі ліст Папы Францішка ў форме motu proprio пад назвай Fidem servare, якім была зменена ўнутраная структура Кангрэгацыі Веравучэння.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец выразна размежаваў дактрынальную і дысцыплінарную кампетэнцыі гэтага ключавога ведамства Святога Пасаду, стварыўшы ў ім дзе асобны секцыі: Дактрынальную і Дысцыплінарную. Кожная з іх будзе каардынавацца асобным сакратаром, які будзе дапамагаць Прэфекту ў канкрэтнай галіне сваёй кампетэнцыі, у супрацоўніцтве з намеснікам сакратара і адпаведнымі кіраўнікамі аддзелаў.

Мэта рэформы — надаць належную важнасць дактрынальнаму аспекту дзейнасці Кангрэгацыі і яе фундаментальнай ролі ў перадачы веры, не прымяншаючы яе дысцыплінарных паўнамоцтваў: менавіта гэтая структура на працягу дзесяцігоддзяў расследуе выпадкі сексуальных злоўжыванняў і іншыя асабліва цяжкія злачынствы.

Папа Францішак патлумачыў, што Дактрынальная секцыя будзе займацца пытаннямі, «звязанымі з развіццём і абаронай веравучэння і маралі», спрыяць «даследаванням, скіраваным на паглыбленне разумення і перадачы веры на службе евангелізацыі, каб яе святло было крытэрыем разумення сэнсу жыцця, асабліва перад абліччам пытанняў, якія ставіць навуковы прагрэс і развіццё грамадства».

Дактрынальная секцыя будзе «вывучаць дакументы, якія павінны быць апублікаваныя іншымі дыкастэрыямі», а таксама тэксты і меркаванні, якія «здаюцца праблематычнымі для правільнай веры», спрыяючы дыялогу з іх аўтарамі і прапануючы належныя рашэнні.

Гэтай секцыі даручана таксама заданне вывучаць пытанні, звязаныя з Персанальнымі ардынарыятамі для былых англіканаў і кіраванне Аддзелам па справах сужэнства, які займаецца пытаннямі, звязанымі з так званым privilegium fidei (скасаванне сужэнства, заключанага паміж неахрышчанымі асобамі дзеля дабра веры боку, які прыняў хрост).

Дысцыплінарная секцыя будзе займацца пытаннямі, звязанымі са злачынствамі, што знаходзяцца ў кампетэнцыі Кангрэгацыі і разглядаюцца створаным пры ёй Найвышэйшым Апостальскім Трыбуналам.

Секцыя мае заданне падрыхтоўваць і распрацоўваць працэдуры, прадугледжаныя кананічнымі нормамі, каб Кангрэгацыя ў яе розных інстанцыях (Прэфекта, Сакратара, Прамотара справядлівасці, Кангрэсу, Звычайнай сесіі, Калегіі па разглядзе апеляцый адносна delicta graviora — больш цяжкіх злачынстваў), магла спрыяць слушнаму ажыццяўленню правасуддзя.

З гэтай мэтай Дысцыплінарная секцыя будзе прапаноўваць «адпаведныя фармацыйныя ініцыятывы», адрасаваныя біскупам і асобам, якія працуюць у сферы права, «каб спрыяць належнаму разуменню і ўжыванню кананічных нормаў, якія датычацца іх сферы кампетэнцыі», — гаворыцца ў папскім дакуменце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця