Пошук

27.01.2022 09:50   Паводле: Vatican News
Фота: ansa.it

Традыцыйную катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі, якая 26 студзеня прайшла ў Ватыкане, Святы Айцец прысвяціў значэнню сноў святога Юзафа.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік заўважыў, што ў Бібліі і ў культурах старажытных народаў, «сны лічыліся сродкам, праз які аб’яўляецца Бог».

«Сон сімвалізуе духоўнае жыццё кожнага з нас; унутраную прастору, якую кожны з нас пакліканы даглядаць і ахоўваць, у якой Бог аб’яўляецца і часта прамаўляе да нас», — сказаў Святы Айцец.

Далей ён зазначыў, што «ўнутры кожнага з нас прамаўляе не толькі голас Бога, але таксама шмат іншых галасоў»: «голас нашых страхаў, мінулых досведаў, спадзяванняў, а таксама голас злога, які хоча падмануць і заблытаць нас». Таму «важна быць здольнымі распазнаваць голас Бога сярод іншых галасоў», — дадаў Папа.

Ён заўважыў, што Юзаф быў чалавекам, які «клапаціўся пра неабходную цішыню» і «прымаў слушныя рашэнні ў святле слова, якое Бог скіроўваў да яго». У сувязі з гэтым Пантыфік прапанаваў паразважаць пра чатыры сны Юзафа, апісаныя ў Евангеллі, каб зразумець як паводзіць сябе, калі нам адкрываецца Бог.

У першым сне (гл. Мц 1, 18–25) анёл Пана дапамог Юзафу знайсці выйсце з драматычнай сітуацыі, якая ўзнікла, калі ён даведаўся пра цяжарнасць Марыі. Божы пасланец сказаў яму: «Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога», а «абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана».

«Вельмі часта жыццё ставіць нас перад сітуацыямі, якія мы не разумеем і якія здаюцца безвыходнымі. Маліцца, у такія моманты значыць даваць Пану магчымасць указаць нам, як паступіць правільна. Насамрэч, вельмі часта менавіта малітва дапамагае нарадзіцца ў нас адчуванню таго, дзе знаходзіцца выйсце, як вырашыць сітуацыю. Дарагія браты і сёстры, Пан ніколі не дапускае праблемы, не даючы нам таксама і неабходнай дапамогі для яе пераадолення», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

У другім сне Юзаф атрымаў заклік уцякаць у Егіпет, бо жыццё Божага Сына знаходзілася ў небяспецы, і ён неадкладна зрабіў гэта (гл. Мц 2, 13–15). «У жыцці мы сустракаем небяспекі, якія пагражаюць нашаму існаванню ці жыццю тых, каго любім. У такіх сітуацыях маліцца значыць слухаць голас, які можа паспрыяць нараджэнню ў нас такой адвагі, якую меў Юзаф, каб пераадолець цяжкасці, не скараючыся», — патлумачыў Папа.

У трэцім сне Юзаф даведаўся, што тыя, хто хацеў забіць Езуса, памерлі; таму згодна з наказам вярнуўся з Марыяй і Езусам на радзіму, хоць і баяўся, бо замест Ірада валадарыў яго сын Архелай (гл. Мц 2, 19–20). Тады, у чацвёртым сне, Бог сказаў яму праз анёла адправіцца ў Галілею (гл. Мц 2, 22–23). Таксама і страх з’яўляецца часткай жыцця, але дзякуючы Божай дапамозе можна зрабіць так, каб ён не абумоўліваў нашы рашэнні.

«Моц малітвы дапамагае святлу ўвайсці нават у цёмныя сітуацыі», — сцвердзіў Папа Францішак.

«У гэты момант я думаю пра шматлікіх людзей, прыгнечаных цяжарам жыцця, якія не могуць ужо ні спадзявацца, ані маліцца. Няхай святы Юзаф дапаможа ім адкрыцца для дыялогу з Богам, каб знайсці патрэбнае святло, сілу і дапамогу. А яшчэ я думаю пра бацькоў перад абліччам праблем іх дзяцей, дзяцей са шматлікімі захворваннямі, хворых дзяцей, таксама дзяцей з невылечнымі хваробамі. Колькі тут болю!

Я думаю пра бацькоў, якія бачаць іншую сексуальную арыентацыю ў сваіх дзяцей; як справіцца з гэтым і суправаджаць іх, не хавацца ў асуджальным стаўленні. Я думаю пра бацькоў, якія бачаць, як іх дзеці паміраюць з прычыны хвароб ці гінуць з-за неасцярожнасці ў дарожных здарэннях: пра такія яшчэ больш сумныя сітуацыі мы штодзённа чытаем у газетах. Я думаю пра бацькоў, дзеці якіх не ходзяць у школу…

Вельмі шмат праблем маюць бацькі. Давайце падумаем пра іх, як дапамагчы ім. У гэтых сітуацыях вельмі шмат болю. Але скіруйце свае думкі да Пана, падумайце пра тое, як вырашаў праблемы Юзаф і прасіце Юзафа дапамагчы вам. Ніколі не асуджайце дзіця…», — заклікаў Пантыфік.

Ён падкрэсліў, што малітва — гэта не абстрактны ці індывідуалістычны жэст: яна заўсёды непарыўна звязана з любоўю. «Толькі калі спалучаем малітву з любоўю да бліжняга, мы становімся здольным разумець пасланні Пана. Юзаф маліўся і любіў, і таму заўсёды атрымліваў неабходнае для пераадолення жыццёвых выпрабаванняў. Даверымся яго заступніцтву», — заклікаў Папа Францішак, завяршыўшы катэхезу малітвай да святога Юзафа, просячы яго дапамагчы аднавіць духоўнае жыццё як месца, у якім Бог аб’яўляецца і збаўляе нас.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа